Пошук

18.03.2020 13:42   Паводле: Dominus.by / Catholic.by
Фота: Mapala.NET

Упершыню за больш чым стогадовы перыяд санктуарый Маці Божай Люрдскай пасля ўвядзення ў Францыі новых абмежаванняў зачынены. Гэтая мера паклікана запаволіць распаўсюджванне каранавірусу.

«Упершыню ў сваёй гісторыі санктуарый на нейкі час зачыніць свае дзверы. Маліцеся разам з намі навэнну да Беззаганнай», — паведаміў 17 сакавіка пробашч парафіі ў Люрдзе кс. Алів'е Рыбадо Дзюма, словы якога прыводзіць Dominus.by.

У сувязі з прынятымі нацыянальнымі мерамі, абвешчанымі прэм'ер-міністрам Францыі Эмануэлем Макронам увечары 16 сакавіка, публічных Імшаў у базыліцы не будзе.

Францыя з'яўляецца трэцяй краінай у Еўропе, якая ўвяла абавязковы нацыянальны каранцін у адказ на растучую колькасць выпадкаў COVID-19.

Італія і Іспанія ўвялі агульнанацыянальныя блакады, канцлер Германіі Ангела Меркель і прэм'ер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс таксама аб'явілі пра ўвядзенне забаронаў на ўсе набажэнствы ў сваіх краінах. Французскія ўрадавыя абмежаванні ўключаюць абмежаванне перамяшчэння грамадзян за межамі іх дамоў на працягу наступных 15 дзён для пакупкі прадуктаў, закрыццё ўсіх школ, рэстаранаў, кавярняў і большасці прадпрыемстваў.

Пасля закрыцця санктуарыя ў Люрдзе дапаможны біскуп Лільскай архідыяцэзіі Антуан Эруард заклікаў католікаў прыняць удзел у навэнне да Маці Божай Люрдскай з 17 па 25 сакавіка, каб маліцца за тых, хто заразіўся каранавірусам. «Санктуарый Маці Божай Люрдскай — прывілеяванае месца малітвы за хворых і разам з імі», — сказаў іерарх у сваім уступе да навэнны, апублікаванай 17 сакавіка.

Французскі біскуп просіць усіх маліцца на ружанцы на працягу 9 дзён запар, заканчваючы малітву 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана.

25 сакавіка таксама адзначаецца гадавіна аб'яўлення Маці Божай у Люрдзе, калі Панна Марыя абвясціла святой Бэрнардэце Субіру: «Я — Беззаганнае Зачацце». Базыліка ў Лірдзе пабудавана на месцы, дзе Бэрнардэта стала сведкай аб'яўлення Маці Божай, пачынаючы з 11 лютага 1858 г. Пра апошні прызнаны Касцёлам цуд, здзейснены праз заступніцтва Маці Божай Люрдскай, было абвешчана ў 2018 г.

У навэнне да Маці Божай Люрдскай, між іншым, гаворыцца: «У гэтыя трывожныя часы, калі многія (…) з-за каранавірусу з непакоем глядзяць у будучыню, папросім Пана праз заступніцтва Маці Божай з Люрда абнавіць нас ва ўпэўненасці, надзеі і супакоі сэрца».

«Марыя, таму што Ты — усмешка Божая, адлюстраванне Хрыстовага святла, прыстанак Святога Духа, таму што Ты абрала Бэрнардэту ў яе ўбостве, таму што Ты — зорка ранішняя, брама нябесная і першае ўваскрослае стварэнне, мы просім Цябе і даручаем Табе сваё жыццё ў той час, калі так шмат мужчын і жанчын баяцца за сваё здароўе. Дапамагай хворым і тым, хто імі апякуецца, прымі тых, хто памёр, і будзь суцяшэннем для сем'яў».

Абноўлена 18.03.2020 13:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.