Пошук

10.02.2019 10:55   Паводле: Марко Гуэра / Vatican News / Пераклад: Мікола Гракаў / Catholic.by
Сястра Бэрнадэт Мар’ё. Фота la-croix.com

Напярэдадні Сусветнага дня хворых, які адзначаецца 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, прапануем вам пазнаёміцца з сястрой Бэрнадэт — законніцай, якая перажыла цудоўнае аздараўленне і сёння дзеліцца сваёй надзеяй з хворымі.

Напрыканцы студзеня ў Рыме адбылася прэзентацыя кнігі «Маё жыццё — гэта цуд». У ёй сваю гісторыю апісвае сястра Бэрнадэт Мар’ё (Bernadette Moriau), невытлумачальнае аздараўленне якой напоўніла надзеяй мноства вернікаў і нават няверуючых.

Поўнае вяртанне здароўя гэтай законнай сястры з Францыі, якая належыць да супольнасці Сясцёр аблатак францішканак, было прызнана 70-м па ліку цудам, які адбыўся ў санктуарыі ў Люрдзе.

Невытлумачальнае з навуковага пункту гледжання аздараўленне мела месца ў 2008 г. і да гэтага часу не перастае хваляваць людзей ва ўсёй Францыі, дапамагаючы вернікам перажыць навяртанне, а няверуючым — наблізіцца да Бога.

Невытлумачальнае аздараўленне

На працягу 42-х гадоў сястра Бэрнадэт Мар’ё пакутавала ад «сіндрома конскага хваста» — цяжкага неўралагічнага захворвання, выкліканага пашкоджаннем спіннамазгавых нерваў, што суправаджаецца вострымі болямі і вядзе да паступовага паралічу. Чатыры аперацыі не прынеслі палёгкі хворай законніцы, якая жыла на штодзённых абязбольвальных ін’екцыях, перасоўалася на інвалідным крэсле, прычым адна нага ў яе дэфармавалася.

Сястра Бэрнадэт падчас супольнай малітвы. Фота Euronews

Нягледзячы на такі цяжкі стан здароўя, францішканка не пераставала сама клапаціцца пра хворых і інвалідаў і ў 2008 г. разам з імі ўзяла ўдзел у пілігрымцы ў Люрд з нагоды 150-й гадавіны з’яўленняў Маці Божай св. Бэрнардэце Субіру.

Пасля вяртання з санктуарыя сястра Бэрнадэт нечакана і раптоўна выздаравела ў той момант, калі разам з іншымі сёстрамі малілася на адарацыі акурат у той самы час, калі ў Люрдзе праходзіць традыцыйная працэсія з хворымі.

Прызнанне цуду

Пра ўсё гэта з вялікай удзячнасцю Богу распавядае сама аздароўленая сястра Бэрнадэт, узгадваючы, як яна зняла карсет, фіксатар для нагі, электрастымулятар і катэтар і пачала хадзіць без болю, з малітвай і са слязьмі.

Сястра Бэрнадэт з непатрэбнымі пасля аздараўлення медыцынскімі прыладамі. Фота Pelerin.com

Толькі праз дзесяць гадоў пасля гэтага, у лютым 2018 г., Жак Бенуа-Ганэн, біскуп Бавэ, у чыёй дыяцэзіі знаходзіцца супольнасць аблатак францішканак, прызнаў «звышнатуральны цудоўны» характар раптоўнага выздараўлення законніцы, разгледзеўшы спярша мноства медыцынскіх дакументаў.

Каб зразумець, наколькі выключнай з’яўляецца гэтая падзея, варта сказаць, што з сямі тысяч вядомых выпадкаў аздараўленняў, якія адбыліся ў Люрдзе, аздараўленне сястры Бэрнадэт стала толькі сямідзесятым прызнаным.

Справа евангелізацыі

Сёння аздароўленая сястра Бэрнадэт называе сябе «слугою Езуса Хрыста і Найсвяцейшай Панны», а таксама «пілігрымам евангелізацыі». Яе кніга стала сапраўдным бестселерам, і аўтарка цяпер шмат часу праводзіць на сустрэчах у парафіяльных супольнасцях, моладзевых групах і нават у асяродках, далёкіх ад Касцёла.

Сястра Бэрнадэт з хворымі. Фота letelegramme.fr

«Тое, што здарылася са мною, Пан можа здзейсніць для кожнага», — кажа сястра Бэрнадэт, падкрэсліваючы каштоўнасць кожнага чалавечага жыцця і важнасць таго, чаму вучаць нас інваліды і хворыя.

Кніга, якая нясе надзею

«Я напісала кнігу, таму што мяне папрасіў пра гэта Касцёл, а таксама з думкай пра евангелізацыю, пра тое, каб абвяшчаць Езуса Хрыста ў свеце, які часта яго не ведае, дзе пануе вялікае расчараванне і ўсё бачыцца ў чорных колерах.Я зрабіла гэта, каб даць зразумець, як важна ведаць Бога, што Езус заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці і заўсёды гатовы падараваць нам жыццё», — кажа сястра Бэрнадэт Мар’ё.

Сястра Бэрнадэт разам з біскупам Жакам Бэнуа-Ганэнам падчас сустрэчы з папам Францішкам. Фота Osservatore Romano I CPP

Яна распавядае таксама пра шматлікія ласкі, якія прынесла напісанне кнігі: «Гэта сапраўды евангелізацыйная кніга. Зваротная сувязь, якую я атрымліваю, поўная надзеі: кніга дадае адвагі. „Дзякуючы вам я сустрэў Бога“ — шмат падобных сведчанняў я атрымліваю ў лістах, па электроннай пошце…»

Дзейнасць сястры Бэрнадэт супраць абортаў і эўтаназіі

Моладзь таксама праявіла вялікі інтарэс да гісторыі аздароўленай законніцы. «Яны задаюць мне пытанні, і з імі я часта размаўляю на тэму абароны жыцця», — кажа сястра Бэрнардэта, якая намагаецца супрацьстаяць абортам і эўтаназіі, таму што лічыць, што «жыццё было нам падаравана і не наша справа яго кантраляваць».

Сястра Бэрнадэт ў Люрдзе. Фота tellerreport.com

«Нават той, хто нарадзіўся інвалідам, можа пражыць цудоўнае жыццё, жыццё, поўнае ззяння, — дадае законніца. — Я сустракаюся з інвалідамі: яны могуць мець вельмі насычанае жыццё з Богам і з іншымі людзьмі праз сваю інваліднасць. Моладзь, якой я даю сваё сведчанне, вельмі адчувальная да гэтай тэмы».

 

Абноўлена 14.02.2019 15:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа