Як паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News, 8 студзеня ў Ватыкане было апублікаванае пасланне папы Францішка на XXVII Сусветны дзень хворых, які будзе адзначацца ў Касцёле 11 лютага.
«Задарма атрымалі, задарма давайце (пар. Мц 10, 8)», — гэтыя словы Хрыста з Евангелля паводле св. Мацвея далі загаловак пасланню Пантыфіка на сёлетні дзень хворых.
«Сутыкаючыся з культурай непрымання і абыякавасці, я хацеў бы падкрэсліць, што дар варта разглядаць у якасці парадыгмы, здольнай супрацьстаяць індывідуалізму і сучаснай сацыяльнай фрагментацыі, каб ініцыяваць новыя віды сувязі і розныя формы чалавечага супрацоўніцтва паміж народамі і культурамі», — напісаў Святы Айцец.
У той жа час Папа звярнуў увагу, што падарунак не атаясамліваецца выключна з даваннем. «Яно не можа быць зведзена да простай перадачы ўласнасці або нейкага прадмету.
Падарунак адрозніваецца ад давання тым, што ўтрымлівае самаахвярнасць і намер стварыць сувязь»,— патлумачыў ён.
Папа Францішак адзначыў, што па сваёй сутнасці кожны чалавек з’яўляецца бедным.
«На любым этапе і на любой стадыі жыцця ніхто з нас не можа цалкам вызваліцца ад патрэб і дапамогі іншых. Сумленнае прызнанне гэтай ісціны дапамагае нам заставацца сціплымі і мужна практыкаваць салідарнасць, як неабходную для існавання цноту», — падкрэсліў Папа.
Галоўныя мерапрыемствы Сусветнага дня хворых сёлета пройдуць у індыйскай Калькуце.
У сувязі з гэтым Святы Айцец yзгадаў прыклад Маці Тэрэзы, якая, паводле яго словаў, «дапамагае нам зразумець, што адзіным крытэрыем дзеяння павінна быць бескарыслівая любоў да ўсіх».
Папа адзначыў важнасць працы валанцёраў, якія дэманструюць жыццё паводле духоўнасці міласэрнага Самараніна.
«Дзякую і падтрымліваю ўсе валанцёрскія асацыяцыі, якія займаюцца перавозкай і ратаваннем пацыентаў, забяспечваюць донарства крыві, тканак і органаў», — дадаў Папа.
«Стаўленне самаахвярнасці павінна стымуляваць галоўным чынам каталіцкія ўстановы аховы здароўя, таму што логіка Евангелля вызначае іх дзейнасць, як у найбольш перадавых, так і ў самых цяжкіх месцах.
Каталіцкія ўстановы закліканы даць прыклад самаадданасці, шчодрасці і салідарнасці ў адказ на менталітэт прыбытку любым коштам, давання дзеля атрымання і эксплуатацыі, якая выключае клопат пра людзей», — звярнуў увагу Святы Айцец.
«Заклікаю ўсіх на кожным узроўні садзейнічаць развіццю культуры шчодрасці і дару, якая з’яўляецца неабходнай умовай для пераадолення культуры прыбытку і непрымання. Каталіцкія ўстановы аховы здароўя не павінны патрапіць у пастку простага бізнес-мыслення. Яны павінны клапаціцца больш пра дапамогу чалавеку, чым пра прыбытак», — напісаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа даручыў усіх адрасатаў паслання Маці Божай, якая вучыць даваць са шчодрым сэрцам і спазнаваць радасць бескарыслівага служэння.