Пошук

26.02.2020 13:28   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Святы Ян Павел ІІ / AFP

Да канца лютага ў Польшчы працягваецца збор подпісаў духавенства ў падтрымку ініцыятывы польскага епіскапату абвясціць святога Яна Паўла ІІ Доктарам Касцёла і Апекуном Еўропы.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, на сёння просьбу аб гэтым, скіраваную Папу Францішку Старшынёй Канферэнцыі епіскапату Польшчы арцыбіскупам Станіславам Гандэцкім, ужо падтрымалі больш за 1,6 тысяч духоўных асобаў.

У сваім звароце на імя арцыбіскупа Гандэцкага польскія святары дзякуюць за ініцыятыву абвясціць святога Яна Паўла ІІ Доктарам Касцёла і Апекуном Еўропы. Яны падкрэсліваюць, што пантыфікат іх вялікага земляка, яго сведчанне малітвы і цярпення сфармавалі іх святарства і стварылі з польскага духавенства — незалежна ад узросту — «пакаленне Яна Паўла ІІ».

Падтрымліваючы ініцыятыву кіраўніка польскага епіскапату, святары таксама просяць, каб бліжэйшыя два гады ў Польшчы былі прысвечаны пераасэнсаванню вучэння вялікага Папы. Яны лічаць, што далучэнне святога Яна Паўла ІІ да ліку Доктараў, або вялікіх настаўнікаў Касцёла, стане дарам для вернікаў і ўскладзе на ўсіх маральны абавязак пазнання яго духоўнай спадчыны.

Каталіцкія біскупы Беларусі на надзвычайным пасяджэнні ККББ таксама вырашылі звярнуцца з аналагічнай просьбай да Папы Францішка.

Па рашэнні беларускага епіскапату 2020 Пастырскі год у Касцёле на Беларусі прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння, а ў маі арганізуецца агульнабеларуская пілігрымка ў Рым слядамі вялікага Папы.

Пакуль толькі 36 святых Каталіцкага Касцёла маюць тытул Доктара Касцёла. Сярод іх такія вялікія настаўнікі хрысціянскай веры, як Грыгорый Вялікі, Амброзій Медыяланскі, Аўгустын, а таксама Тэрэза Авільская і Кацярына Сіенская.

Падтрымаць ініцыятыву абвясціць святога Яна Паўла ІІ Доктарам Касцёла і Апекуном Еўропы могуць таксама польскія святары, якія працуюць за мяжой.

Для гэтага неабходна запоўніць спецыяльны фармуляр ТУТ>>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа