Малады семінарыст Мікаэль, які быў выкрадзены на пачатку студзеня бандытамі ў Кадуне (Нігерыя), забіты. Яго цела распазнаў рэктар семінарыі.
Астатнія тры семінарысты, выкрадзеныя разам з ім, былі вызвалены. Пра гэта паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News са спасылкай на арганізацыю «Дапамога Касцёлу ў патрэбе».
Арцыбіскуп Аўгустын Акубезэ, старшыня епіскапату Нігерыі, у пятніцу папярэдзіў пра сур’ёзную небяспеку ва ўсёй краіне, якой дагэтуль не было.
Усе семінарыі ў Нігерыі маюць абарончыя сцены, але гэтага недастаткова, каб абараніцца ад нападаў ісламскіх экстрэмістаў з «Бока Харам», якія, паводле звестак ААН, з 2009 года забілі больш за 35 тысяч чалавек.
Іерарх дадаў, што не ва ўсіх семінарыях, кляштарах і дамах, дзе жывуць святары і законнікі, ёсць камеры бяспекі. Па яго словах, сродкі Касцёла сціплыя, бо парафіі часта вымушаны плаціць паліцыі за ахову падчас нядзельнай Імшы.