Пошук

30.01.2020 16:36   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: wCzestochowie.pl

Незвычайная манета ў форме шара 29 студзеня была перададзена ў якасці ахвяравання польскаму санктуарыю Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, залатая манета наміналам у 2018 польскіх злотых, выпушчаная ў форме шара да стагоддзя аднаўлення незалежнасці Польшчы абмежаванай эмісіяй у 100 штук, стала дарам яснагорскаму санктуарыю ад Польскага нацыянальнага банка.

Манету, якая змяшчае сем унцый чыстага золата, Генеральнаму настаяцелю ордэна паўлінаў айцу Арнольду Храпкоўскаму перадала Барбара Ярошак, галоўны скарбнік Польскага нацыянальнага банка.

«Гэта самая каштоўная манета, якую выпусціў у абарачэнне Польскі нацыянальны банк», — адзначыла Барбара Ярошак, дадаўшы, што гэты дар стаў выразам удзячнасці за адноўленую незалежнасць краіны.

Прымаючы дар, настаяцель ордэна паўлінаў — манахаў, пад апекаю якіх знаходзіцца санктуарый на Яснай Гары і цудатворны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, — падкрэсліў, што немагчыма ўявіць сабе гісторыю Польшчы без гэтага месца надзеі і набыцця ўнутранай свабоды.

Айцец Арнольд Храпкоўскі звярнуў увагу таксама на тое, што манета — не толькі каштоўнае ахвяраванне, але і вотум, прысвечаны Каралеве Польшчы дар сэрца польскага народа.

Манета, нягледзячы на яе незвычайную форму, з’яўляецца законным плацежным сродкам у краіне ў адпаведнасці з наміналам. Акрамя таго, манета мае вялікую калекцыйную вартасць як нумізматычны рарытэт.

Падараваная манета будзе захоўвацца ў скарбніцы Яснагорскага санктуарыя, дзе яе змогуць убачыць пілігрымы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця