Пошук

22.01.2020 16:15   Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Катэдра св. Пятра ў Жэневе. Фота: pages.rts.ch

У суботу 29 лютага ў Жэневе адбудзецца гістарычная падзея: тут упершыню з 1535 года будзе цэлебравацца святая Імша ў старажытнай катэдры святога Пятра, якая амаль пяць стагоддзяў таму стала рэфармацкай.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Эўхарыстыю ўзначаліць каталіцкі біскуп Лазаны, Женевы і Фрыбура Шарль Марэро.

У 1536 годзе па рашэнні гарадской рады Жэневы ў горадзе было ўведзена рэфармаванае набажэнства, і з таго часу колішняя каталіцкая катэдра святога Пятра стала галоўным пратэстанцкім зборам для прыхільнікаў і паслядоўнікаў Жана Кальвіна, якога называлі «жэнеўскім папам».

Запрашэнне цэлебраваць тут святую Імшу стала важным экуменічным жэстам з боку кальвіністаў у адносінах да Каталіцкага Касцёла.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох, які сам паходзіць са Швейцарыі, назваў запланаваную ў сталіцы кальвінізму гістарычную падзею «вялікім сімвалам адзінства хрысціянаў».

У швейцарскіх і французскіх СМІ звяртаецца ўвага на тое, што яшчэ некалькі гадоў таму немагчыма было сабе нават уявіць, што такое стане магчымым.

Усё, што ў велічнай жэнеўскай катэдры святога Пятра было звязана з каталіцтвам, знішчылі пасля прамоўленага 8 жніўня 1535 года казання Гіёма Фарэля, у якім ён абвясціў асновы рэфармацыі. Да 1538 года тут прапаведаваў Жан Кальвін, пакуль яго самога не выгналі з Жэневы, але катэдра пры гэтым увесь час заставалася і застаецца рэфармацкай.

Відаць, невыпадкова для незвычайнай падзеі быў выбраны незвычайны дзень.

29 лютага з’яўляецца апошнім днём апошняга зімовага месяца толькі раз у чатыры гады, у высакосным годзе. У звычайныя гады месяц люты мае толькі 28 дзён.

Абноўлена 22.01.2020 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця