Пошук

21.01.2020 14:22   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: Newsvideo

Папа Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне ўдзельнікам Сусветнага эканамічнага форуму, які з 21 па 24 студзеня ўжо ў 50-ы раз праходзіць у швейцарскім Давосе.

Як паведаміла польская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў удзельнікам гэтага прадстаўнічага форуму, што ўмоваю развіцця з’яўляецца выхад па-за кароткатэрміновае мысленне і ўсебаковая ўвага да этычнага вымярэння ініцыятываў, прапанаваных на будучыню. На Сусветным эканамічным форуме ў Давосе Святы Пасад прадстаўляе прэфект Дыкастэрыі па інтэгральным развіцці чалавека кардынал Пітэр Тарксан.

Сустрэча, якая праходзіць у Давосе ўжо ў 50-ы раз, носіць юбілейны характар. Святы Айцец перадаў яе ўдзельнікам пажаданне, каб Сусветны эканамічны форум паспрыяў пошуку інавацыйных рашэнняў у справе пабудовы лепшага свету.

«Няхай будзе створана аснова, на якой узаемнае супрацоўніцтва зможа пераадолець ізаляцыянізм, індывідуалізм і ідэалагічную каланізацыю, якімі, на жаль, адзначаюцца многія сучасныя дэбаты», — пажадаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што сучасны свет, які за мінулыя пяць дзесяцігодзяў моцна змяніўся, патрабуе таксама інавацыйных шляхоў развіцця. Пры гэтым у цэнтры павінна заўсёды знаходзіцца асоба чалавека.

«Мы ўсе з’яўляемся членамі адной сям’і. З гэтага факту вынікае маральны абавязак змясціць у цэнтры палітыкі чалавечую асобу, а не імкненне да ўлады ці выгоды», — сказана ў папскім пасланні.

Святы Айцец зазначыў, што чалавек ні ў якім выпадку не можа ператварыцца ў прыладу, якая служыць для дасягнення нейкай мэты.

«Матэрыялістычныя ці ўтылітарныя адносіны вельмі часта вядуць да падыходаў і дзеянняў, якія ў вялікай ступені або нават выключна кіруюцца ўласным інтарэсам. Гэта пачатак вялікай несправядлівасці», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Непавага да годнасці іншага чалавека прыніжае таксама годнасць таго, хто гэта сабе дазваляе», — дадаў Пантыфік.

Ён нагадаў, што ў такое бачанне ўпісана яго паняцце «інтэгральнай экалогіі», шырока прадстаўленае ў энцыкліцы Laudato si'. «Я спадзяюся, што ўдзельнікі форуму не забудуцца пра вялікую маральную адказнасць, якую кожны з нас абавязаны прыняць, каб імкнуцца да ўсебаковага развіцця ўсіх нашых братоў і сясцёр, у тым ліку і будучых пакаленняў», — напісаў на заканчэнне Папа Францішак.

50-ы Сусветны эканамічны форум у Давосе праходзіць пад дэвізам «Зацікаўленыя бакі за з’яднаны і ўстойлівы свет». У ім бяруць удзел амаль тры тысячы прадстаўнікоў ад 117-і краін, у тым ліку 53 кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў. Адной з асноўных тэмаў сустрэчы з’яўляецца абмеркаванне кліматычных зменаў.

Абноўлена 21.01.2020 15:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа