Пошук

13.01.2020 18:46   Ілья Лапато / Catholic.by
Фота Ханны Браўкс

На мінулым тыдні паўсюдны Касцёл адзначаў урачыстасць Аб’яўлення Пана (або, як яна называецца ў народзе, Тры Каралі). У Германіі яе святкуюць не так, як у Беларусі: тут няма прывычнага для нас благаслаўлення крэйды падчас Імшы. Як жа пазначаюць дамы нямецкія католікі?

На захадзе Германіі гэтая місія даручана «тром каралям» або Sternsinger (дзе Stern — зорка, а singen — спявак). Менавіта яны ў адмысловых каронах, з выявай зоркі ў руках, наведваючы дамы вернікаў, выводзяць крэйдай на іх дзвярах лацінскія літары C+M+B. Праўда, за апошнія дзесяць гадоў традыцыя была мадэрнізаваная, і цяпер літары наклейваюцца.

У адрозненне ад крэйды, наклейкі не сціраюцца з часам, пры гэтым яны заўжды аднолькавага памеру.

Фота Штэфана Цымермана

У «Каспара, Мельхіёра і Бальтазара» часцей за ўсё апранаюцца дзеці ці парафіяльная моладзь (у большых гарадах — дзяўчаты і хлопцы са студэнцкага душпастырства). У касцёле яны атрымліваюць адрасы вернікаў, якія запісаліся на візіт «трох каралёў». Каб паспець завітаць да ўсіх з гэтага спісу, ствараецца некалькі груп, у кожнай з якіх свой маршрут.

Вітаючы гаспадароў дома, «тры каралі» зычаць ім здароўя і дабрабыту і спяваюць калядкі. Яшчэ адна асаблівасць — гэта збор ахвяраванняў. Кожны год «каралі» збіраюць грашовае ахвяраванне ў пэўнай інтэнцыі, якая аб’яўляецца загадзя. Напрыклад, сёлета ў студэнцкім Мюнстары ахвяраванні збіраліся для бяздомных дзяцей у Ліване.

Як правіла, кожны гаспадар імкнецца яшчэ добра пачаставаць кожнага з «каралёў», запрасіўшы за стол. Хтосьці адорвае гасцінцамі ў дарогу.

Фота Штэфана Цымермана

Традыцыя у чымсьці нагадвае беларускую Каляду — толькі без мядзведзя і казы. Цікава і тое, што традыцыю «трох каралёў», якая шмат у чым падобная да нямецкай, сёлета адрадзілі на Лідчыне. Кажуць, што апошні раз «Каспар, Мельхіёр і Бальтазар» тут хадзілі яшчэ ў 1950-я.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа