Пошук

20.11.2019 10:10   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: flickr.com

Папскае таварыства «Дапамогі Касцёлу ў патрэбе» (Aid to the Church in Need) працягне акцыю, падчас якой славутыя помнікі архітэктуры і святыні ў розных краінах афарбуюцца ў чырвоны колер «крыві мучанікаў».

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, ад Вашынгтона да Сіднэя і ад Манілы да Рыма мноства славутых будынкаў будзе падсветлена чырвоным святлом, каб людзі ў свеце не закрывалі вочы на мучаніцтва хрысціянаў.

Акцыя праходзіць у межах так званага «Чырвонага тыдня», які на практыцы працягваецца цэлы год, каб данесці да шырокай грамадскасці трывожную вестку пра пераслед хрысціянаў у многіх краінах свету.

Так, 80% актаў рэлігійнага пераследу, якія фіксуюцца ў свеце, скіраваныя супраць хрысціянаў. 245 млн вызнаўцаў Хрыста церпяць пераслед за веру, прычым больш чым у 95-і краінах яны сутыкаюцца з пераследам штодзённа. У сярэднім штодзённа ў свеце гіне адзінаццаць хрысціянаў.

У колер «крыві мучанікаў» ужо некалькі гадоў афарбоўваюцца Калізей і фантан Трэві ў Рыме, парыжская базыліка Сакрэ-Кёр, а таксама славутая статуя Хрыста ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Мэта «Чырвонага тыдня» — нагадаць пра адзінства Касцёла і права свабодна вызнаваць сваю веру ў Хрыста ва ўсім свеце.

Да акцыі далучылася, між іншым, Аўстралія, дзе ў бліжэйшыя дні ў чырвоны колер афарбуюцца сем катэдральных касцёлаў у такіх гарадах, як Сіднэй, Брысбэн і Мэльбурн. У Вялікабрытаніі будзе падсветлена трынаццаць катэдраў і 130 іншых будынкаў, у тым ліку і Вэстмінстэрскі палац. З найбольшым размахам акцыя сёлета пройдзе на Філіпінах, дзе пра мучаніцтва хрысціянаў нагадаюць больш за дзве тысячы парафій з 68-і розных дыяцэзій.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.