Пошук

20.11.2019 09:09   Паводле: КАІ / Catholic.by
Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці цэлебруе св. Імшу на распачацце Трэцяга кангрэсу руху Europa Christi. Фота: youtube.com

18–20 лістапада ў Львове (Украіна) праходзіць чарговая сесія Трэцяга міжнароднага кангрэсу руху Europa Christi — «Еўропа Хрыста». Сход на тэму «Уплыў хрысціянства на стабільнасць народаў Еўропы» адбываецца пад ганаровым патранатам Мітрапаліта Львоўскага арцыбіскупа Мечыслава Макшыцкага.

У Кангрэсе бярэ ўдзел Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які падкрэсліў імкненне Касцёла нармалізваць адносіны з украінскай дзяржавай. Прадстаўнік папы Францішка ў суседняй краіне ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы на распачацце сесіі.

Адкрываючы львоўскую сесію Кангрэсу Europa Christi, арцыбіскуп Макшыцкі ўзгадаў пра пілігрымку святога Яна Паўла ІІ ва Украіну ў 2001 годзе ў кантэксце галоўнай тэмы форуму «Еўропа двух лёгкіх — Еўропа Евангелля, праўды і міру».

Ксёндз Ірэнэўш Скубісь, заснавальнік і каардынатар руху Europa Christi, адзначыў, што гэты рух, які ўзнік усяго толькі тры гады таму, ужо правёў некалькі паспяховых ініцыятываў.

«Мы будуем наш рух вакол асобы Езуса Хрыста, бо толькі ўваскрослы Хрыстус сёння можа ўратаваць Еўропу», — падкрэсліў заснавальнік. Ён дадаў, што з самага пачатку свайго існавання рух імкнуўся да прызнання святога Яна Паўла ІІ Апекуном Еўропы, а таксама доктарам Касцёла.

Ксёндз Ірэнэўш Скубісь паведаміў, што 22 кастрычніка Старшыня Канферэнцыі Епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі звярнуўся з такой прапановай да папы Францішка.

У львоўскай сесіі бярэ ўдзел таксама арцыбіскуп Томаш Пэта з Казахстана, які ў сваім выступе засяродзіўся на ролі ўшанавання Марыі ў справе новай евангелізацыі.

Іерарх распавёў пра гісторыю казахстанскага марыйнага санктуарыя ў Азёрным. У 1936 годзе па загадзе Сталіна ў Казахстан было пераселена каля 60 тысяч чалавек з тэрыторыі Украіны, паўтары тысячы з якіх трапілі ў гэтае невялікае паселішча сярод вялізных казахскіх стэпаў. Адзінае, што дало ім сілы выжыць у нялюдскіх умовах, была малітва: не маючы святароў, людзі маліліся на ружанцы.

У 2001 годзе Ян Павел ІІ назваў Азёрнае нацыянальным санкутарыем Казахстана. Пяць гадоў таму там была асвячана капліца адарацыі, у якой змясцілі алтар «Зорка Казахстана».

«Можна сказаць, што адарацыя і Ружанец — гэта два крылы, з дапамогаю якіх Еўропа і свет могуць зноў узнесціся да высокіх хрысціянскіх ідэалаў», — дадаў арцыбіскуп Пэта.

Абноўлена 20.11.2019 12:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця