Пошук

08.11.2019 16:49   Паводле: Сatholic News Agency / Catholic.by

Група па барацьбе з эўтаназіяй у Вялікабрытаніі заклікае працягнуць дзеянне законаў супраць дапаможных самазабойстваў, таму што сям’я пажылой жанчыны, апраўданай у забойстве свайго мужа, хоча, каб законы былі памякчаны.

«Сумна бачыць, што гэты выпадак выкарыстоўваецца для таго, каб паспрабаваць апраўдаць кампанію па знішчэнні правоў на абарону жыцця, адносна тых, хто невылечна хворы, інвалід або мае хранічныя захворванні, — сказаў доктар Гордан Макдональд, галоўны выканаўчы дырэктар Care Not Killing. — Мы ведаем некалькі месцаў у такім законе, якія пасадзейнічалі таму, што людзі часта адчуваюць сябе вымушанымі дачасна заканчваць жыццё».

Як паведамляе Сatholic News Agency са спасылкай на ВВС, суд апраўдаў 80-гадовую Мэвіс Эклстан у ненаўмысным забойстве яе 81-гадовага мужа Дэніса. У лютым гэтага года яе абвінавацілі ў «забойстве з міласэрнасці», паколькі яна дала мужу без яго ведама смяротную дозу лекаў, купленых па рацэпце.

Закон аб самазабойстве 1961 года забараняе падтрымліваць самазабойства ў Англіі і Уэльсе або дапамагаць яму. У 2015 г. парламент Вялікабрытаніі адхіліў законапраект, які легалізаваў бы асіставанае самазабойства для пацыентаў з летальным дыягназам.

Мэвіс сказала прысяжным, што яна і яе муж мелі намер скончыць жыццё самагубствам з дапамогай гэтых лекаў і вырашылі зрабіць гэта, калі Дэнісу дыягнаставалі смяротную форму раку.

Сужэнцы былі знойдзены ў сваёй кватэры членамі сям’і 12 лютага пасля таго, як яны прынялі наркотыкі. Яны былі хутка дастаўлены ў шпіталь і атрымалі супрацьяддзе. Мэвіс выжыла, Дэніс — не.

Дачка Мэвіс Джой сказала, што яе маці «ніколі не павінна была абвінавачвацца ў забойстве», і заклікае да змянення так званых законаў аб дапамозе паміраючым у Вялікабрытаніі.

«Мой бацька хацеў памерці дома, у атачэнні сваёй сям’і. Ён хацеў сысці і не пакутаваць ад болю, які адчуваў», — паведаміла Мэвіс ВВС.

Іншыя краіны, такія, як Бельгія, Нідэрланды і Канада, легалізавалі дапаможныя самазабойствы, і доктар Макдональд адзначае, што негатыўныя наступствы гэтых прававых рашэнняў ужо праяўляюцца там.

У Канадзе, па яго словах, паляпшэнні ў паліятыўнай медыцыне не адбыліся. Акрамя таго, бачная тэндэнцыя, што суды распаўсюдзілі абвінавачванне ў асіставаным самазабойстве на тых, хто мае хранічныя захворванні, якія не з’яўляюцца летальнымі, а некаторым пацыентам адмаўляюць у медыцынскай дапамозе і замест гэтага прапануюць смяротныя лекі.

Ён адзначыў таксама выпадак бельгійкі дэ Труайер, якая была фізічна здаровая, але пакутавала ад дэпрэсіі большую частку жыцця, і дзяржава ўсыпіла яе ў 2012 годзе «без кансультацыі ні з яе сынам, ні з псіхіятрам, які клапаціўся пра яе больш за 20 гадоў».

У бельгійскім дакладзе аб эўтаназіі 2016–17 гадоў мяркуецца, што, па розных ацэнках, штогод у краіне, дзе гэтая практыка з’яўляецца законнай з 2002 года, самазабойствы здзяйсняе прыкладна 6 чалавек.

Справа Эклстан падобная да выпадку 2017 г., калі англійскі хімік быў апраўданы пасля ўвядзення смяротных прэпаратаў свайму 85-гадоваму бацьку, які, як паведамляецца, хацеў памерці. Суддзя тады вырашыў, што дзеянні хіміка «былі актамі чыстага спачування і міласэрнасці».

«У Нідэрландах у 2016 г. быў выпадак, калі 74-гадовы чалавек з абмежаванымі псіхічнымі магчымасцямі быў забіты. Урач не змог пераканацца, што жанчына хацела скончыць жыццё самагубствам, таму проста супакоіў яе і папрасіў сям’ю прытрымаць яе, калі яна будзе ўводзіць смяротны прэпарат, — сказаў Макдональд. —

Гэтыя і многія іншыя выпадкі паказваюць, што законы аб дапамозе паміраючым дзейнічаюць далёка за межамі іх першапачатковай кампетэнцыі і што пацыенты, якія не з’яўляюцца псіхічна кампетэнтнымі, рэгулярна забіваюцца».

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца, што самазабойства і супрацоўніцтва ў ім маральна непрымальныя, хоць і адзначаецца: «Мы не павінны адчайвацца ў вечным збаўленні людзей, якія скончылі жыццё самагубствам. Толькі Яму аднаму вядомымі шляхамі Бог можа даць магчымасць для збаўчага пакаяння. Касцёл моліцца за тых, хто пазбавіў сябе жыцця».

«Тыя, чые жыццёвыя магчымасці абмежаваныя або аслабленыя, маюць права на асаблівую да сябе павагу. Хворыя або інваліды павінны атрымліваць падтрымку, каб весці жыццё, наколькі гэта магчыма, нармальнае. Свядомая эўтаназія, якія б ні былі яе формы і матывы, з’яўляецца забойствам. Яна глыбока супярэчыць годнасці чалавечай асобы і павазе да яе Створцы, Бога Жывога», — адзначаецца ў Катэхізісе (ККК 2276, 2324).

«Такім чынам, дзеянне або бяздзейнасць, якія самі па сабе або з загадзя абдуманым намерам прыносяць смерць, каб ліквідаваць боль, з’яўляюцца забойствам, якое цяжкім чынам парушае годнасць чалавека і павагу да Бога Жывога, яго Створцы.

Памылка ў меркаванні, якая можа быць зроблена з добрых перакананняў, не змяняе прыроды самога смяротнага дзеяння, якое заўсёды непрымальнае і недапушчальнае»,

— дадаецца там (ККК 2277).

Абноўлена 08.11.2019 17:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа