Пошук

05.11.2019 11:11   Паводле: Corriere della Sera / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Кардынал Каміллё Руіні. Фота: corriere.it

3 лістапада ў нядзельным нумары папулярнага італьянскага таблоіда Corriere della Sera з’явілася вялікае інтэрв’ю з 88-гадовым кардыналам Каміллё Руіні, які доўгі час быў Папскім вікарыем Рыма і ўзначальваў Канферэнцыю біскупаў Італіі. У ім іерарх, між іншым, выказаўся пра магчымую адмену цэлібату ў Каталіцкім Касцёле.

На пытанне пра тое, ці можа такое адбыцца ў выніку нядаўняга Сіноду Біскупаў па Панамазонскім рэгіёне, кардынал Руіні адзначыў:

«У Амазоніі, а таксама ў іншых частках свету, ёсць сур’ёзны недахоп святароў, і часта хрысціянскія супольнасці застаюцца без Імшы. Таму зразумела, што з’явілася імкненне пасвячаць у святары жанатых дыяканаў, і за гэта выказалася большасць на Сінодзе.

На мой погляд, аднак, гэта памылковы выбар. Я спадзяюся і малюся, каб Папа ў будучай паслясінадальнай адгартацыі яго не зацвердзіў».

На пытанне журналіста, чаму ён лічыць гэта памылкай, кардынал Руіні адказаў:

«Асноўных прычынаў дзве. Святарскі цэлібат — гэта вялікі знак поўнага прысвячэння сябе Богу і служэнню братам, асабліва ў празмерна эратызаваным кантэксце, як цяпер. Адмовіцца ад яго, нават у выглядзе выключэння, азначала б саступіць духу гэтага свету, які заўсёды імкнецца пранікнуць у Касцёл, і было б цяжка абмежавацца толькі выключнымі выпадкамі, як у Амазоніі.

Акрамя таго, сёння сужэнства ў глыбокім крызісе: жанатыя святары і іх сужонкі сутыкнуліся б з наступствамі гэтага крызісу, і іх чалавечы і духоўны стан не мог бы ад гэтага не пацярпець».

Кардынал удакладніў: ён мае на ўвазе тое, што разведзены святар — гэта была б бяда.

Калі журналіст запытаўся ў іерарха, ці сам ён не перажываў з-за адсутнасці сям’і і дзяцей, кардынал Руіні шчыра прызнаўся:

«Мне было нялёгка жыць у цэлібаце. Гэта вялікі дар, які даў мне Пан.

Але я не заўважыў, каб мне было цяжка без дзяцей. Магчыма, з-за таго, што я меў шчасце адчуваць любоў многіх маладых людзей».

«Як жа тады пераадолець спад пакліканняў? Як напоўніць семінарыі? А таксама касцёлы, у якіх усё часцей няма вернікаў?» — запытаўся ў кардынала журналіст.

«На ўсе гэтыя пытанні ёсць толькі адзін вычарпальны адказ: мы, хрысціяне, а асабліва мы, святары і законнікі, павінны быць бліжэй да Бога ў сваім жыцці; весці больш святое жыццё і ўсяго гэтага прасіць у Бога ў малітве. Нястомна».

Абноўлена 05.11.2019 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа