Пошук

12.02.2020 14:00   Тэкст: Андрэа Тарньеллі / L’Osservatore Romano / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: AP / C.Peri

12 лютага ў Ватыкане была абнародавана Апостальская адгартацыя Папы Францішка Querida Amazonia — «Умілаваная Амазонія», — якая стала плёнам разважанняў Святога Айца па выніках Сіноду біскупаў, прысвечанага Панамазонскаму рэгіёну.

Як зазначае галоўны рэдактар Дыкастэрыі па камунікацыі Святога Пасаду журналіст Андрэа Тарньеллі, у дакуменце адлюстраваны погляд Пантыфіка на гэты рэгіён: канкрэтныя шляхі да чалавечай экалогіі, якая бярэ пад увагу бедных, да прызнання каштоўнасці культур і да місійнага Касцёла з амазонскім абліччам.

«Мара — гэта найбольш прыдатная прастора для пошуку праўды. Нават Бог не раз пажадаў прамовіць у марах, праз сны». Гэтыя словы, прамоўленыя Папам Францішкам у снежні 2018 года ў гаміліі падчас святой Імшы ў доме святой Марты, якія адносіліся да святога Юзафа, чалавека маўклівага і канкрэтнага, дапамагаюць нам лепш зразумець погляд Папы на Амазонію ў апублікаванай паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі.

Гэта тэкст, напісаны як любоўны ліст, у якім шмат паэтычных цытат, што дапамагаюць чытачу сустрэцца з захапляльнаю прыгажосцю гэтага рэгіёна, але таксама і з яго штодзённымі драмамі.

Чаму пастыр паўсюднага Касцёла пажадаў, каб Сінод, прысвечаны аднаму канкрэтнаму рэгіёну, набыў сусветнае значэнне? Чаму Амазонія і яе лёс датычацца і нас?

Адказ прыходзіць, калі гартаеш старонкі Адгартацыі. Перадусім таму, што ўсё ў свеце звязана: раўнавага нашай планеты насамрэч залежыць таксама ад стану здароўя Амазоніі. І паколькі клопат пра людзей і пра экалагічныя сістэмы нельга аддзяліць, нас не могуць пакінуць абыякавымі ні разбурэнне чалавечага і культурнага багацця тамтэйшых народаў, ані спусташэнне і неабмежаваная здабыча, якія знішчаюць лясы.

Але ёсць яшчэ адна рэч, якая надае Амазоніі сусветнае значэнне.

Тое, што там адбываецца, пэўным чынам прадказвае выклікі, якія набліжаюцца і да нас: наступствы глабалізацыі эканомікі і фінансавая сістэма, усё больш нязносныя для жыцця людзей і навакольнага асяроддзя, суіснаванне цалкам розных народаў і культур, міграцыя, неабходнасць абараняць стварэнне, якое знаходзіцца пад вялікай пагрозай.

«Умілаваная Амазонія» — галоўны адрасат любоўнага ліста Папы Францішка — уяўляе сабою перадусім выклік для Касцёла, пакліканага знайсці новыя шляхі для евангелізацыі, абвяшчэння сэрца евангельскага паслання, той керыгмы, што робіць прысутным Бога міласэрнасці, які так палюбіў свет, што аддаў у ахвяру на крыжы свайго Сына.

У Амазоніі чалавек — гэта не хвароба, з якой трэба змагацца, каб вылечыць навакольнае асяроддзе. Карэнныя народы Амазоніі неабходна захаваць з іх культурамі і традыцыямі. Але яны таксама маюць права на евангельскае сведчанне. Іх немагчыма пазбавіць місіі, пастырскага клопату Касцёла, які прадстаўляюць абпаленыя сонцам твары шматлікіх старых місіянераў, здольных днямі плысці на пірогах толькі для таго, каб сустрэцца з мізэрнымі групамі людзей і занесці ім пяшчоту Бога разам з гаючай ласкай Яго сакрамэнтаў.

У сваёй Адгартацыі Папа Францішак дэманструе падыход, які нашмат вышэй за крытыканскія спекуляцыі тых, хто спрабаваў прадставіць Сінод чымсьці накшталт «рэферэндуму» па магчымасці ўдзяляць святарскае пасвячэнне жанатым мужчынам.

Гэтае пытанне абмяркоўваецца ўжо працяглы час і можа абмяркоўвацца яшчэ і ў будучыні, таму што «дасканалае і пастаяннае ўстрыманне <…> не патрабуецца паводле самой натуры святарства», як сцвердзіў Другі Ватыканскі Сабор (пар. PO 16).

На гэтае пытанне Наступнік святога Пятра, пасля малітвы і разважання, вырашыў адказаць, не ўносячы зменаў ці дадатковых магчымасцяў рабіць выключэнні з таго, што ўжо прадугледжана актуальнай касцёльнай дысцыплінай, але просячы зыходзіць з асноўнага. А менавіта, з веры жывой і ўцелаўлёнай, з адноўленага місіянерскага запалу, што з’яўляецца плёнам ласкі, калі пакідаецца месца для Божага дзеяння, а не для маркетынгавага планавання ці рэлігійных PR-тэхналогій.

Апостальская адгартацыя «Умілаваная Амазонія» запрашае даць «дакладны і мужны» адказ і пераасэнсаваць арганізацыю і служэнні ў Касцёле.

Дакумент зноў заклікае да адказнасці ўвесь Каталіцкі Касцёл, каб ён адчуў на сабе раны гэтых народаў і цяжкасці гэтых супольнасцяў, пазбаўленых магчымасці цэлебраваць нядзельную Эўхарыстыю, і каб шчодра на іх адказаў, пасылаючы новых місіянераў, цэнячы ўсе харызмы і пашыраючы новыя служэнні, афіцыйна і пастаянна даручаныя свецкім і жанчынам.

Менавіта падкрэсліўшы незаменны ўнёсак апошніх, Папа Францішак нагадвае, што ў Амазоніі вера перадавалася і захоўваецца дзякуючы прысутнасці «моцных і велікадушных» жанчын там, дзе «ніводзін святар не праходзіў».

Абноўлена 12.02.2020 15:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.