Пошук

14.10.2019 12:55   Пераклад і адаптацыя: Кс. Аляксандр Улас / Паводле: catholicnewsagency.com / Catholic.by
Фота Catholic University of America

Выступаючы ў мінулую сераду на мерапрыемстве ў Каталіцкім універсітэце Амерыкі, кітайскі праваабаронца Чэнь Гуанчэн сказаў слухачам, што няма ніякіх сумненняў у рашучасці камуністычнага рэжыму ў краіне ўтрымліваць уладу любымі неабходнымі сродкамі.

«Захаванне правоў чалавека сёння пагоршылася», — сказаў ён пра бягучую сітуацыю ў Кітаі. Кіруючая камуністычная партыя, па яго словах, «баіцца страціць уладу», таму «ўсё, што пагражае яе ўладзе, будзе для яе мішэнню для атакі».

На працягу дзесяцігоддзяў кітайская камуністычная партыя праводзіла прымусовую палітыку «аднаго дзіцяці». Хоць у цяперашні час квота на адно дзіця ў сям'і была павялічана да двух, паведамленні аб прымусовай стэрылізацыі і абортах працягваюць паступаць.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін таксама пачаў усеабдымную кампанію па падпарадкаваніі рэлігіі ў Кітаі кантролю камуністычнай партыі.

У 2016 годзе ён выступіў з прамовай на National Religious Work Conference, дзе патлумачыў сваё патрабаванне «кітаізацыі» рэлігіі, або прыкладання намаганняў па прывядзенні рэлігіі ў адпаведнасць з кітайскай культурай і партыйнай лініяй КПК.

У адпаведнасці з законам «Палажэнне аб рэлігійных справах», якое было ўведзена ў дзяржаве з лютага 2018 года, «несанкцыянаваныя» рэлігійныя вучэнні былі забаронены.

Урадавыя чыноўнікі лічаць, што свабода рэлігіі «пагражае іх уладзе», сказаў Чэнь Гуанчэн, таму рэжым распачаў жорсткае падаўленне рэлігіі, якая не падпарадкавана камуністычнай партыі і дзяржаўнаму рэжыму.

Ілюстрацыйнае фота.

Таксама праваабаронца назваў пагадненне 2018 года паміж Святым Пасадам і Кітаем аб рэгуляванні дзяржаўнага Каталіцкага Касцёла і прадастаўленні камуністычнай партыі права голасу адносна выбараў біскупаў «дрэнным пагадненнем», але дадаў, што «гэтае пагадненне ўсё яшчэ абнадзейвае і падбадзёрвае католікаў у Кітаі».

У мінулым месяцы, падчас пасяджэння Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, ЗША сумесна з Канадай, Германіяй, Нідэрландамі і Вялікабрытаніяй правялі мерапрыемства на тэму «Крызіс у галіне правоў чалавека ў Сіньцзяне».

Адзін уйгур, якому ўдалося застацца ў жывых і ўцячы з кітайскага «лагеру перавыхавання», разам з адвакатам даў паказанні аб жорсткім зняволенні, катаваннях і масавых пераследаваннях уйгураў, этнічных казахаў, этнічных кіргізаў і членаў іншых мусульманскіх меншасцяў у Сіньцзяне.

Што тычыцца злоўжыванняў рэлігійнай свабодай, то «прапагандысцкая машына КПК адмаўляе ўсе гэтыя рэчы», сказаў Чэнь Гуанчэн, але, «нягледзячы на масавую цэнзуру» з боку ўраду, многія кітайцы «ведаюць праўду», падтрымліваючы ганконгскіх пратэстуючых.

Чэнь Гуанчэн таксама абвінаваціў камуністычны рэжым у тым, што ён, практыкуючы дэспатызм у сябе дома, імкнецца адбяліць захаванне правоў чалавека за мяжой.

«КПК працягвае свае пальцы па ўсім свеце. Ён спрабуе ўплываць на дэмакратычныя краіны, асабліва на заходнія ўрады», — адзначыў праваабаронца, спасылаючыся на куплю амерыканскіх радыёстанцый, размяшчэнне рэкламы на Таймс-Сквер, а таксама на пакупку акцый амерыканскіх медыякампаній.

«Тым не менш, нягледзячы на парушэнні правоў чалавека, камуністычная партыя — гэта не тое ж самае, што кітайскі народ, — дадаў ён. — Я веру ў кітайскі народ».

Абноўлена 14.10.2019 13:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.