Пошук

10.10.2019 15:46   Catholic.by
Караль і Эмілія Вайтылы са старэйшым сынам Эдмундам. Фота: radiomaryja.pl

9 кастрычніка Канферэнцыя епіскапату Польшчы дала афіцыйную згоду на распачацце беатыфікацыйнага працэсу бацькоў святога Яна Паўла ІІ.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, сабраныя на 384-м пленарным пасяджэнні польскага епіскапату біскупы выказалі сваю згоду на тое, каб можна было распачаць беатыфікацыйны працэс Караля і Эміліі Вайтылаў — бацькоў святога Яна Паўла ІІ.

Бацька будучага папы Караль нарадзіўся 18 ліпеня 1879 года ў прадмесці горада Бельска-Бялай на поўдні Польшчы, ля падножжа Бескідскіх гораў. 10 лютага ён ажаніўся з Эміліяй з роду Качароўскіх, маці будучага папы, якая нарадзілася 26 сакавіка 1884 года ў Кракаве. Сужонкі мелі траіх дзетак: Эдмунда, Вольгу Марыю і Караля Юзафа — будучага папу Яна Паўла ІІ.

Іх дачушка Вольга Марыя памерла нованароджанай, сын Эдмунд быў доктарам і памёр падчас эпідэміі шкарлятыны ва ўзросце 26-і гадоў.

Эмілія адышла ў вечнасць 13 красавіка 1929 года ва ўзросце 45-і гадоў, калі яе малодшаму сыну Каралю Юзафу не споўнілася яшчэ і дзевяці гадкоў. Яе муж Караль адышоў у вечнасць 18 лютага 1941 года, падчас Другой сусветнай вайны.

Караль Юзаф Вайтыла, які 16 кастрычніка 1978 года быў абраны Папам і прыняў імя Ян Павел ІІ, на ўсё жыццё захаваў светлыя і ўдзячныя ўспаміны пра сваіх бацькоў, якіх рана страціў.

Рашэнне Канферэнцыі епіскапату Польшчы дае магчымасць звярнуцца да Святога Пасаду па дазвол на распачацце беатыфікацыйнага працэсу на дыяцэзіяльным узроўні.

Абноўлена 28.04.2021 12:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.