Пошук

27.09.2019 11:06   Паводле: archibial.pl / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

26 верасня падвядзеннем вынікаў мастацкіх конкурсаў, прысвечаных асобе благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, у польскім Беластоку, які знаходзіцца недалёка ад мяжы з Беларуссю, распачалося святкаванне ў гонар апекуна горада.

На сустрэчы, якая прайшла ў Цэнтры выстаў і канферэнцый Беластоцкай архідыяцэзіі, былі ўручаны ўзнагароды лаўрэатам конкурсу коміксаў пра апекуна горада, а таксама агульнапольскага конкурсу творчасці дзяцей і моладзі, які таксама быў прысвечаны благаслаўлёнаму.

Перадусім былі падведзены вынікі конкурсу коміксаў на тэму «Благаслаўлёны кс. Міхал Сапоцька — пасланне да моладзі».

У конкурсе бралі ўдзел дзеці і моладзь, сем’і і групы. Заданне было даволі складаным, паколькі патрабавала ад выканаўцаў не толькі мастацкіх здольнасцяў, але і ведаў пра благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцьку. У выніку з больш як дзесяці прац былі адабраныя тры, аўтары якіх атрымалі ўзнагроды. Яшчэ адна праца была асабліва адзначана членамі журы. Усе ўдзельнікі атрымалі віншаванні, дыпломы і невялікія памятныя падарункі.

Потым былі падведзены вынікі агульнапольскага конкурсу, прысвечанага апекуну Беластока, які праходзіў пад назваю «Адкрытае сэрца». Свае мастацкія працы і літаратурныя творы на гэты конкурс прадставілі 212 удзельнікаў. Усяго ў сямі намінацыях былі ўзнагароджаны аўтары 30-і прац.

27 і 28 верасня ў Беластоку будуць працягвацца ўрачыстасці ў гонар апекуна горада благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі. З гэтай нагоды Беластоцкая архідыяцэзія і ўлады горада запланавалі правядзенне шэрагу святочных мерапрыемстваў.

У суботу жыхары Беластока збяруцца на вуліцах горада ў 15.00, у гадзіну Божай Міласэрнасці, каб разам памаліцца Вяночак.

У гэты ж дзень, 28 верасня, у Беларусі на станцыі Ашмяны будзе асвячаны першы ў нашай краіне касцёл пад тытулам благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі, ураджэнца даўняй Ашмяншчыны.

Абноўлена 27.09.2019 11:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.