У суботу 28 верасня на станцыі Ашмяны, што знаходзіцца на тэрыторыі парафіі Апекі Маці Божай у Дайлідках (Астравецкі дэканат), біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніць асвячэнне касцёла пад тытулам благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі.
Святыня была пабудаваная намаганнямі мясцовых вернікаў пад душпастырскай апекай пробашча дайлідскай парафіі кс. Алега Шпеня.
«Дзеля большай хвалы ўсемагутнага Бога ў Тройцы Адзінага і дзеля асвячэння народа Божага быў пабудаваны гэты Божы Дом пад тытулам благаслаўлёнага ксяндза Міхала Сапоцькі», — гучыць радасная вестка для ўсіх тутэйшых вернікаў.
Касцёл на станцыі Ашмяны стане першай у нашай краіне святыняй, якая будзе асвячана ў гонар благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, прэзбітэра, ураджэнца Ашмяншчыны.
Святар быў духоўным кіраўніком святой сястры Фаўстыны Кавальскай і разам з ёю стаяў ля вытокаў культу Божай Міласэрнасці, распаўсюджанага ва ўсім Касцёле святым Янам Паўлам ІІ.
Нездарма цэнтральны вітраж святыні адразу за галоўным алтаром мае выяву Езуса Міласэрнага.
Вернікі са станцыі Ашмяны разам са сваім пробашчам кс. Алегам Шпенем шчыра запрашаюць узяць удзел у радаснай урачыстасці асвячэння касцёла ўсіх дабрачынцаў і людзей добрай волі.
Урачыстая святая Імша, падчас якой адбудзецца асвячэнне касцёла пад тытулам благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі, прэзбітэра, распачнецца ў суботу 28 верасня а 12-й гадзіне.