Пошук

10.09.2019 11:17   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: plenglish.com

9 верасня ў межах свайго Апостальскага падарожжа ў Афрыку папа Францішак наведаў астраўную краіну Маўрыкій, дзе правёў дзевяць гадзін, а 10 верасня зноў правядзе дзесяць гадзін на борце самалёта падчас вяртання ў Рым.

За гэты час Святы Айцец цэлебраваў святую Імшу, у якой узялі ўдзел каля ста тысяч вернікаў, сустрэўся з прадстаўнікамі ўладаў краіны і памаліўся ў санктуарыі благаслаўлёнага Якуба Лавала, якога на Маўрыкіі называюць «апосталам еднасці вострава».

Папа Францішак у санктуарыі бл. Якуба Лавала. Фота: стоп-кадр з трансляцыі Vatican Media

Маўрыкій — гэта шматнацыянальная і поліканфесійная астраўная краіна ў Індыйскім акіяне. Тут налічваецца 1,3 мільёны жыхароў, з якіх 300 тысяч складаюць католікі.

Дэвізам кароткай папскай пілігрымкі на Маўрыкій сталі словы «Пілігрым міру».

Дзевяцігадзіннае знаходжанне ў гэтай краіне стала заключным этапам 31-га замежнага падарожжа папы Францішка і яго чацвёртага Апостальскага візіту ў Афрыку, падчас якога ён наведаў таксама Мазамбік і Мадагаскар.

Фота: CNS / Paul Haring

У сталіцы краіны Порт-Луі Святы Айцец цэлебраваў святую Імшу каля помніка Марыі Каралевы Супакою, падчас якой заахвоціў сабраных на Эўхарыстыі каля 100 тысяч удзельнікаў жыць евангельскімі благаслаўленнямі, якія з’яўляюцца сведчаннем тоеснасці хрысціяніна.

У дзень, калі адзначалася свята благаслаўлёнага Якуба Лавала, Пантыфік падкрэсліў, што для гэтага чалавека евангелізацыя азначала стаць усім для ўсіх.

«Ён змог сабраць вернікаў і выхоўваў іх так, каб яны былі здольныя прыняць на сябе місію і стварыць малыя хрысціянскія супольнасці ў навакольных кварталах, мястэчках і вёсках; малыя супольнасці, многія з якіх далі пачатак сённяшнім парафіям.

Ён імкнуўся давяраць найбяднейшым і адкінутым, каб яны самі сталі першымі арганізатарамі і знайшлі адказ на сваё цярпенне», — нагадаў Святы Айцец і заклікаў працягваць справу гэтага благаслаўлёнага з Маўрыкія.

Фота: CNS / Paul Haring

У знак падтрымкі выступленняў папы Францішка ў абарону навакольнага асяроддзя ў духу «інтэгральнай экалогіі» мясцовыя вернікі ўзялі на сябе абавязак пасадзіць 100 тысяч раслін. Яны будуць нагадваць жыхарам востраву наказ Папы прыслухоўвацца як да крыку бедных, так і да крыку прыроды.

На памяць ад гасцінных астравіцянаў Святы Айцец атрымаў у падарунак футболку з нумарам «9» і арыгінальны мясцовы саламяны капялюш.

Увечары папа Францішак вярнуўся на Мадагаскар, а раніцай 10 верасня самалёт Мадагаскарскіх авіяліній са Святым Айцом на борце вылецеў са сталіцы Мадагаскара Антананарыву і сёння ўвечары прызямліцца ў Рыме. Падчас дзесяцігадзіннага пералёту ён перасячэ паветраную прастору васьмі краін: Мадагаскара, Танзаніі, Кеніі, Паўднёвага Судана, Эфіопіі, Егіпта, Грэцыі і Італіі.

Фота: стоп-кадр з трансляцыі Vatican Media

Абноўлена 10.09.2019 12:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця