Пошук

04.09.2019 13:38   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота corporatedispatch.com

4 верасня папа Францішак скіраваўся ў сваё 31-е Апостальскае падарожжа, падчас якога наведае тры афрыканскія краіны: Мазамбік, Мадагаскар і Маўрыкій. Пералёт зойме больш за дзесяць гадзін.

Як паведамляе італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, перад пачаткам падарожжа Пантыфік сустрэўся з дванаццаццю мігрантамі з гэтых краінаў, якія ў 80-я гады мінулага стагоддзя наведваў яго папярэднік святы Ян Павел ІІ. За больш як 30 гадоў сітуацыя на кантыненце моцна змянілася, і сёння перад абліччам новых выклікаў візіт папы Францішка асабліва актуальны.

Самалёт са Святым Айцом на борце вылецеў з Рыма раніцай і толькі ўвечары, праз больш за дзесяць гадзін палёту, прызямліцца ў Мапуту, сталіцы Мазамбіка. Трохдзённы візіт у гэтую краіну стане першым этапам Апостальскага падарожжа і пройдзе пад дэвізам «Надзея, мір і прымірэнне».

Плануецца, што 7–8 верасня папа Францішак наведае Мадагаскар, а 9 верасня — Маўрыкій.

Перад вылетам пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў вернікаў маліцца, «каб Бог, Айцец усіх, кансалідаваў людзей ва ўсёй Афрыцы і даў братняе прымірэнне — адзіную надзею на моцны і трывалы мір».

Падарожжа, якое распачынаецца сёння, стане ўжо чацвёртым Апостальскім візітам папы Францішка ў Афрыку. У сакавіку ён ужо наведаў Марока, два гады таму пабываў у Егіпце, а ў лістападзе 2015 г. нанёс візіты ў Кенію, Уганду і Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку.

Абноўлена 04.09.2019 16:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.