Пошук

09.09.2019 17:45   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота: CNS / Paul Haring

Раніцай 8 верасня папа Францішак, які знаходзіцца з Апостальскім візітам у Афрыцы, цэлебраваў святую Імшу на полі ў ваколіцах Антананарыву, сталіцы Мадагаскара. У Эўхарыстыі ўзялі ўдзел каля мільёна вернікаў.

Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, у прамоўленай гаміліі Святы Айцец заклікаў хрысціянаў не зачыняцца толькі ў сваім «маленькім свеце», у сваім атачэнні або ў забяспечанасці, якую даюць грошы і ўлада, але адкрыцца для іншых людзей, каб адчуць смак новага жыцця.

Сабраныя на полі вернікі, многія з якіх узялі з сабою маленькіх дзетак, чакалі Папу ўсю ноч. Іх не спалохаў моцны вецер і холад: «узброеныя» толькі турыстычнымі дыванкамі, коўдрамі і ўсмешкамі, яны чакалі сустрэчы са Святым Айцом.

Да юнакоў і дзяўчат, якія распачалі тут увечары напярэдадні моладзевае чуванне, далучыліся тысячы вернікаў, і раніцай іх колькасць дасягнула каля мільёна асобаў.

Фота: REUTERS / Yara Nardi

Да іх папа Францішак скіраваў заклік, з якім Езус звяртаўся да натоўпаў і да кожнага чалавека: не зачыняцца ў сваім «маленькім свеце» ў коле сям’і, блізкіх асобаў, пагоні за ўладай і грашыма, але ўзняць позірк угору, паставіць не сябе, а Бога ў цэнтр уласнага жыцця і такім чынам адкрыцца для братоў:

«Давайце глянем навокал: як шмат мужчын і жанчын, маладых людзей і дзяцей пакутуюць, пазбаўленыя ўсяго! Бог гэтага не жадае.

Які ж актуальны гэты заклік Хрыста перастаць жыць у закрытасці, у пыхлівым эгаізме, каб перамог дух братэрства, які сыходзіць з прабітага боку Хрыста і ў якім мы нараджаемся як Божая сям’я, і каб кожны адчуў сябе любімым, а значыць зразуметым, прынятым і ўшанаваным у сваёй годнасці».

У краіне, якая перажывае трагедыю галечы, дзе дзеці пакутуюць ад недаядання і выкарыстання, папа Францішак нагадаў, што перад абліччам зняважанай чалавечай годнасці хрысціянін не можа стаяць, абыякава склаўшы рукі, або бездапаможна разводзіць рукамі: ён працягвае руку братняй дапамогі патрабуючаму. Гэты ж вобраз Святы Айцец ужо выкарыстаў таксама ў Мазамбіку падчас сваёй сустрэчы з маладымі прадстаўнікамі розных рэлігій.

Па сутнасці, як зазначыў пастыр паўсюднага Касцёла, Пан жадае падрыхтаваць прыйсце Божага Валадарства, вызваліўшы чалавека з найгоршай няволі — жыць толькі для сябе.

«Спакуса зачыніцца толькі ў сваім маленькім свеце вядзе да таго, што не застаецца месца для іншых: бедныя больш не могуць увайсці, больш не чуваць голас Бога, больш няма салодкай радасці Ягонай любові, больш не з’яўляецца жаданне рабіць дабро…

Многія ў такой закрытасці могуць лічыць сябе, на першы погляд, у бяспецы, але ў рэшце рэшт адчуваюць сябе пакрыўджанымі, вартымі жалю, пазбаўленымі жыцця. Гэта выбар не на карысць годнага і поўнага існавання; гэта не тое, чаго Бог жадае для нас», — падкрэсліў Пантыфік.

Фота: CNS / Paul Haring

Ён дадаў, што патрабаванні, якія вызначае Езус, перастаюць здавацца цяжкімі менавіта тады, калі чалавек пачынае адчуваць смак новага жыцця, якое нараджаецца з усведамлення таго, што Езус прыйшоў, каб нас адшукаць, калі мы былі загубленыя.

Пакорны, або хрысціянскі рэалізм, на думку папы Францішка, заключаецца ў жаданні зрабіць Мадагаскар месцам, дзе Евангелле ператвараецца ў жыццё, чаго ён і пажадаў жыхарам гэтай астраўной дзяржавы.

Падчас святой Імшы на алтары знаходзіліся рэліквіі благаслаўлёнага Рафаэля Луіса Рафарынгі, першага малагасійскага законніка з кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школаў, ласаліянцаў, які быў асветнікам, катэхетам і пасрэднікам міру напрыканцы ХІХ стагоддзя.

Абноўлена 10.09.2019 00:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа