Ажывіць сваё рашэнне паклікання, каб на ўзор Марыі праславіць Бога і напоўніць Мазамбік надзеяй, мірам і паяднаннем, заахвоціў папа Францішак біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і катэхетаў гэтай краіны на сустрэчы з імі ў катэдры ў Мапуту ў межах свайго 31-га апостальскага падарожжа.
Словы Пантыфіка прыводзіць Niedziela.pl.
«Я прашу Духа Святога, каб заўсёды даваў вам яснасць называць рэчаіснасць па імені, адвагу прасіць прабачэння і здольнасць навучыцца слухаць тое, што Ён хоча нам сказаць, — адзначыў Папа. — Дарагія браты і сёстры, хочам мы гэтага альбо не, мы пакліканы сутыкацца з рэчаіснасцю такой, якая яна ёсць. Часы змяняюцца, і мы павінны вызнаць, што вельмі часта не ўмеем прыстасоўвацца да новых часоў і новых сцэнарыяў».
«У гэтай тузе па мінулым мы ператворымся ў камень, мы становімся “муміфікаванымі”, — дадаў Святы Айцец. — Замест таго, каб абвяшчаць Добрую Навіну, мы прапаведуем нешта шэрае, што не прываблівае і не асвятляе ніводнае сэрца. У гэтым і ёсць спакуса.
Вы спыталі мяне, што рабіць з крызісам ідэнтычнасці святарства, як яго пераадолець. На самой справе, тое, што я збіраюся сказаць пра святароў, — гэта тое, што ўсе (біскупы, катэхеты, кансэкраваныя асобы, семінарысты) павінны захоўваць і развіваць».
«Ва ўмовах крызісу ідэнтычнасці святарства нам, магчыма, давядзецца пакінуць важныя і дастойныя месцы. Мы павінны вярнуцца ў тыя месцы, дзе былі пакліканы, дзе было відавочна, што ініцыятыва і сіла зыходзілі ад Бога,
— падкрэсліў Пантыфік. — Ніхто з нас не быў пакліканы ў важнае месца, ніхто. Часам, міжвольна, без маральнай віны, мы прызвычайваемся атаясамліваць сваё штодзённае святарства, манаскае жыццё, катэхетыку з пэўнымі абрадамі, сустрэчамі і размовамі, дзе месца, якое мы займаем на сходзе, за сталом ці ў актавай зале — іерархічнае. Мы больш падобныя да Захарыі, чым да Марыі».
Па словах Папы, «святар — самы бедны чалавек, калі Езус не ўзбагачае яго сваёй убогасцю; ён з’яўляецца самым марным слугой, калі Езус не называе яго сябрам; ён самы неразважны чалавек, калі Езус не вучыць яго цярпліва, падобна як Пятра; ён становіцца самым бездапаможным хрысціянінам, калі Добры Пастыр не ўзмацняе яго пасярод статку». Езус, дадаў Пантыфік, узмацняе таксама кансэкраваную асобу і катэхета.
«Ніхто не меншы за святара, які працуе, абапіраючыся на ўласныя сілы, — заўважыў Святы Айцец. — Менавіта таму наша малітва аб абароне ад усіх нападаў зла — гэта малітва нашай Маці: я святар, таму што Ён ласкава глянуў на маю маласць» (пар. Лк 1, 48).
«Браты і сёстры, вяртанне ў Назарэт і вяртанне ў Галілею могуць стаць спосабам пераадолення крызісу ідэнтычнасці, — падкрэсліў Папа. — Езус заклікае нас пасля ўваскрасення вярнуцца ў Галілею, каб сустрэць Яго там.
Трэба вярнуцца ў Назарэт, да першага закліку, вярнуцца ў Галілею, каб справіцца з крызісам ідэнтычнасці, каб мы аднавілі сябе як пастыры — вучні — місіянеры».
«Вы самі казалі, — дадаў Пантыфік, — пра “пакручастыя шляхі”, якія часта ў канчатковым рахунку прыводзяць да аддачы перавагі дзеянням з гарантаванай кампенсацыяй і насуперак штодзённай ахвяры душпастырскага клопату».
Блізкасць Божага люду стамляе, адзначыў Святы Айцец. «Аднаўленне нашага паклікання азначае прыняцце рашэння сказаць “так” і працаваць над тым, што плённае ў вачах Бога, — звярнуў ён увагу. — Дай Божа, каб мы у гэтай святой стомленасці знайшлі крыніцу сваёй ідэнтычнасці і шчасця. Блізкасць стамляе, а гэтая стомленасць і ёсць святасць».
«Давайце ажывім нашае пакліканне, зробім гэта ў гэтай цудоўнай святыні, прысвечанай Марыі, каб нашае велікадушнае “так” магло праславіць Пана і захапляла дух нашага народа ў Богу, нашым Збаўцы», — заклікаў папа Францішак удзельнікаў сустрэчы.