Пошук

05.09.2019 13:38   Паводле: Vatican News / Wiara.pl / Catholic.by
Папу Францішка вітаюць у Мазамбіку. Фота: Paul Haring/CNS

4 верасня ў 18.10 самалёт з папам Францішкам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце сталіцы Мазамбіка Мапуту, дзе распачалася 31-я замежная і 4-я афрыканская пілігрымка Святога Айца.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на лётным полі адбылася цырымонія прывітання, на якой прысутнічаў Прэзідэнт Мазамбіка Філіпэ Ньюсі з жонкай, Апостальскі нунцый у гэтай краіне арцыбіскуп П’ерджоржо Бэртольдзі і арцыбіскуп Мапуту Франсішку Шымоё.

З аэрапорта Пантыфік скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мапуту.

5 верасня пастыр паўсюднага Касцёла мае вельмі насычаны дзень: візіт да Прэзідэнта краіны, сустрэча з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу, міжрэлігійная сустрэча з моладдзю. Пасля абеду Папа сустрэнецца з біскупамі, святарамі, манахамі, семінарыстамі, катэхетамі і аніматарамі ў катэдры і наведае з прыватным візітам Дом «Мацвей 25».

Насельніцтва Мазамбіка складае больш за 27 мільёнаў жыхароў. Тут налічваецца каля 7,6 мільёнаў католікаў. У верасні 1988 г. краіну наведаў Ян Павел II.

Як адзначае партал wiara.pl, дэвіз трохдзённай паездкі папы Францішка — «Надзея, мір і прымірэнне». У межах свайго 31-га замежнага падарожжа Святы Айцец наведае яшчэ Мадагаскар 7–8 верасня і Маўрыкій 9 верасня. Чакаецца, што Пантыфік падчас гэтай паездкі будзе абвяшчаць мір і паяднанне, закране пытанні абароны прыроднага асяроддзя і міграцыі, карупцыі, грамадскай несправядлівасці і беднасці.

Папу суправаджаюць між іншым Дзяржаўны сакратар Апостальскай Сталіцы кардынал П’етро Паралін, прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынал Анджэло Бэччу, сакратар па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыяту Ватыкана арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

6 верасня раніцай Папа наведае шпіталь у Зімпэту і ўзначаліць святую Імшу на стадыёне «Зімпэту». У гэты ж дзень ён адляціць у сталіцу Мадагаскара Антананарыву.

Фота: Paul Haring/CNS

Якое сённяшняе аблічча Мазамбіка, краіны, багатай на каштоўныя каралы і адначасова вынішчанай грамадзянскай вайной?

Мазамбік — былая партугальская калонія, фармальна незалежная з 25 чэрвеня 1975 г., дзе больш за 20 гадоў ішла вайна паміж дзвюма групоўкамі.

З аднаго боку гэта быў Фронт Вызвалення Мазамбіка (FRELIMO), які базаваўся на марксісцкай ідэалогіі і быў падтрыманы СССР, з іншага — антыкамуністычны Народны Мазамбікскі Рух Супраціву (RENAMO), падтрыманы Захадам. Распачатая ў 1977 г. грамадзянская вайна была ў краіне сутыкненнем дзвюх палітычных, грамадскіх і эканамічных сістэм, адзначаецца на wiara.pl.

Хоць дзяржавай кіраваў FRELIMO, лідэр якога Самора Машэл быў прэзідэнтам Мазамбіка да сваёй гібелі ў авіякатастрофе ў 1986 г., ён быў не ў стане спыніць крывавы канфлікт. Гэтага ўдалося дасягнуць толькі пасля многіх гадоў перамоваў, калі ў 1992 г. у Рыме была падпісана мірная дамова, прычым важную ролю адыграла пасрэдніцтва рымскай Супольнасці св. Эгідзія.

Лічыцца, што ў гэтай вайне загінула каля мільёна чалавек, а ў суседнія краіны ўцякло больш за паўтара мільёна. Афіцыйнае заканчэнне вайны не азначала, аднак, наступлення міру, бо ў розных частках краіны працягвалася напружанне, галоўным чынам на племянной аснове.

Таксама паўсталі новыя пагрозы. У верасні 2017 года на поўначы краіны, дзе пераважае мусульманскае насельніцтва, з’явіліся атрады ісламскай міліцыі, распачаўшы крывавы тэрор. Варта адзначыць, што гэта рэгіён, багаты на каштоўныя камяні, урадлівую глебу і драўніну. У выніку тэрору там загінулі сотні чалавек, было спалена шмат вёсак, касцёлаў і мячэцяў.

Акрамя тэрарызму, іншай вялікай праблемай для жыхароў Мазамбіка, асабліва некаторых яго частак, сталі два цыклоны, якія здарыліся вясной бягучага года.

Гэтыя цыклоны, наймацнейшыя ва ўсёй гісторыі паўднёвых рэгіёнаў Афрыкі, выклікалі смерць больш за тысячы чалавек і велізарныя матэрыяльныя страты ў гэтай і без таго беднай краіне.

На думку спецыялістаў, сітуацыя можа палепшыцца ў краіне толькі з прыходам туды новай гуманітарнай дапамогі. У ліпені больш за 73 тысячы чалавек не магло вярнуцца ў свае дамы. Большасць памяшканняў для жылля была разбурана, небяспечным наступствам цыклону з’яўляецца таксама стаячая вада, што спрыяе і з’яўленню мноства камароў, якія могуць разносіць малярыю. Знішчаны касцёлы і капліцы.

Але цыклоны і праліўныя дажджы — толькі частка праблемы, звязанай у краіне з аховай навакольнага асяроддзя. Мясцовы епіскапат у нядаўнім пасланні звярнуў увагу на вялікія пагрозы для краіны, якімі з’яўляюцца між іншым масавая вырубка дрэў і ўзмацненне захопу зямлі іншаземнымі кампаніямі. Усё гэта вядзе да вялікай экалагічнай трагедыі, якая закране найперш найбяднейшых жыхароў краіны.

Акрамя таго, Мазамбік — адна з тых паўднёваафрыканскіх дзяржаў, куды найбольш рана прыйшло хрысціянства.

Першыя місіянеры, партугальскія дамінікане, прыбылі туды яшчэ на пачатку XVI ст., потым да іх далучыліся езуіты.

Мясцовы епіскапат налічвае сёння 23 іерархі. У 1995 г. краіна ўсталявала дыпламатычныя адносіны з Ватыканам. З 16 па 19 верасня 1988 г. там пабываў св. Ян Павел ІІ.

Хрысціянамі ў краіне з’яўляюцца няпоўныя 60 працэнтаў, большасць з іх католікі. Там ёсць таксама пратэстанты, каля 20 працэнтаў не вызнае ніякай рэлігіі, каля 18 працэнтаў — мусульмане, астатнія належаць да іншых веравызнанняў.

Абноўлена 05.09.2019 13:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа