Пошук

27.08.2019 12:45   Паводле: КАІ / Фота: twitter.com/jasnagoranews / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

26 жніўня ў Польшчы адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай. У гэты дзень Нацыянальны санктуарый на Яснай Гары наведала каля 40 тысяч пілігрымаў.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, галоўныя адпустовыя ўрачыстасці, у якіх бралі ўдзел усе польскія біскупы і кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Першавярхоўны арцыбіскуп Святаслаў Шаўчук, узначаліў Прымас Польшчы арцыбіскуп Войцех Поляк.

У Касцёле на Беларусі таксама адзначаўся ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай, культ якой распаўсюджаны і на нашых землях.

Сёлетні Яснагорскі фэст праходзіў у духу падзякі за Першую пілігрымку на радзіму Папы-паляка святога Яна Паўла ІІ, а таксама ў інтэнцыі перапрашэння за «раненні аблічча Марыі».

«Давайце спынім братазабойчыя сваркі, давайце перастанем правакаваць спрэчкі і падзелы», — заклікаў арцыбіскуп Поляк.

Прымас падкрэсліў, што Марыя як Маці сям’і жадае аберагаць нас усіх разам, таму нельга выкарыстоўваць Яе выявы дзеля ўласных выгодаў асобных людзей і груп, у ідэалагічных ці палітычных мэтах і ўздымаць на знамёны змагання.

Іерарх нагадаў, што 40 гадоў таму на Яснай Гары святы Ян Павел ІІ заклікаў да справядлівасці і любові, што з’яўляюцца ўмоваю адзінства народа, і прасіў:

«Давайце не правакаваць адзін аднаго. На нянавісць і пагарду адкажам любоўю, адкажам нашай вернасцю Евангеллю Хрыста».

Арцыбіскуп Гнезненскі падкрэсліў, што не ведае такой маці, якая б радавалася нязгодзе, нянавісці і падзелам у сям’і.

«Марыя, наша Маці, не радуецца нязгодзе сваіх дзяцей», — зазначыў Прымас.

А. Арнольд Храпкоўскі OSPPE, Генерал ордэна паўлінаў, якія апякуюцца Яснагорскім санктуарыем, у сваю чаргу сцвердзіў:

«Мы жывем глыбокай упэўненасцю ў тым, што калі ўсе чалавечыя агні згасаюць, тады заўсёды застаецца Найсвяцейшая Панна Марыя з Чэнстаховы і Касцёл».

Ён нагадаў, як у гэтым святым для ўсіх палякаў месцы святы Ян Павел ІІ вучыў суайчыннікаў таму, што значыць жыць годнасцю Божага дзіцяці.

Учарашнія адпустовыя ўрачыстасці ў Чэнстахове сабралі больш пілігрымаў, чым у мінулым годзе. Сёлета ў ста групах да цудатворнай іконы Чорнай Мадонны пешкі прыйшло 36,5 тысяч пілігрымаў.

Усяго ў гэтым пілігрымкавым сезоне пачынаючы з мая на Ясную Гару прыбыло ажно 134 тысячы чалавек — на адзінаццаць тысяч больш, чым летась.

Сёлетнія пілігрымкі праходзілі ў духу малітвы да Духа Святога аб аднаўленні Касцёла і аблічча польскай зямлі, аб адзінстве народа, за святароў.

Вандроўнікі да святыні дзякавалі за Першую пілігрымку св. Яна Паўла ІІ у Польшчу і яго любоў да Нябеснай Каралевы, а таксама перапрашалі за знявагі, асабліва Маці Божай у Яе Яснагорскай выяве.

Урачыстасці ў Чэнстахове завяршыліся Эўхарыстычнай працэсіяй і святочным спевам Яснагорскага апэля перад цудадзейным абразом.

Абноўлена 27.08.2019 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.