У Парыжы падчас летніх канікул супольнасць «Эмануэль» займаецца моладдзю, якая застаецца ў горадзе. У трох касцёлах французскай сталіцы па вечарах праходзяць малітоўныя сустрэчы Summer GP для моладзі ад 18 да 25 гадоў.
Малітву праводзяць самі маладыя людзі. Яна распачынаецца з адарацыі і праслаўлення ў стылі харызматычных супольнасцяў, пасля чаго адбываецца дзяленне ў групах.
Зыходным пунктам разважанняў з’яўляецца тэкст адгартацыі папы Францішка «Хрыстус жыве», якую адказны за моладзь пры беларускім каталіцкім епіскапаце біскуп Юзаф Станеўскі прапанаваў таксама разам прачытаць нашай моладзі, дзеля чаго быў зроблены аўдыёзапіс паслання Святога Айца да юнакоў і дзяўчат у перакладзе на беларускую мову.
Сустрэчы завяршаюцца супольнай малітвай у касцёле.
Як зазначаюць самі ўдзельнікі парыжскіх малітоўных сустрэч моладзі, ініцыятыва супольнасці «Эмануэль» — гэта вялікая падтрымка для моладзі, якая застаецца ў Парыжы і часта даволі балюча перажывае самотнасць.
«Без іх наш горад быў бы проста пустым», — прызнаецца 23-гадовы катэхумен Тыбо Лепісье, які ў будучым годзе прыме хрост.
Супольнасць «Эмануэль» з’явілася на хвалі аднаўлення Касцёла напрыканцы мінулага стагоддзя. Узнікшы як група супольнай малітвы ў Парыжы, яна хутка распаўсюдзілася ў Францыі і ў свеце. У 1992 г. супольнасць была зацверджана Святым Пасадам як публічнае аб’яднанне вернікаў. У яе ўваходзяць святары, кансэкраваныя асобы, сем’і і асобы, якія прысвяцілі сябе Богу ў цэлібаце. Сёння супольнасць дзейнічае ў 60-і краінах свету і налічвае больш за 11 тыс. удзельнікаў. Апостальскія ініцыятывы супольнасці «Эмануэль» штогод ахопліваюць сотні тысяч чалавек.