Пошук

11.07.2019 13:09   Паводле: KAI, credo.pro / Catholic.by

Фота: credo.pro

Ва Украіне распачаліся пілігрымкі ў санктуарый Маці Божай у Бальшаўцах, што ў Галіцкім раёне Івана-Франкоўскай вобласці. У іх бяруць удзел таксама вернікі з Беларусі.

9 ліпеня з Каменкі-Бужскай выйшла група пілігрымаў благаслаўлёнага Якуба Стрэпы. Частку шляху з імі прайшоў Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. Свой шлях 9 ліпеня распачала таксама пілігрымка са Снятына і Забалотава.

Раніцай 10 ліпеня да Маці Божай Бальшавецкай ад санктуарыя святога Антонія ў Львове стартавала штогадовая пешая пілігрымка міру і адзінства, якую традыцыйна арганізуюць канвентуальныя францішкане.

Арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі заклікаў яе ўдзельнікаў да малітвы за мір ва Украіне і аб асвячэнні сем’яў.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з удзелам пілігрымаў і прайшоў разам з імі вуліцамі Львова.

Фота: rkc.lviv.ua

«Ліпень у Касцёле ва Украіне — гэта месяц пілігрымак, бо ў гэты час мы ідзем у наш Нацыянальны санктуарый у Бярдычаве, у Латычаве, а таксама ў санктуарый Львоўскай дыяцэзіі ў Бальшаўцах», — сказаў арцыбіскуп Макшыцкі карэспандэнту КАІ.

«Я рады, што ўжо мог сустрэцца з пілігрымамі з Каменкі-Бужскай, прывітаць іх і падзякаваць ім за тое, што яны прысвячаюць свой час малітве, гэтым „рэкалекцыям у дарозе“, сустрэчы са сваімі блізкімі, знаёмымі; за тое, што яны ўзносяць свае малітвы за ўвесь наш Касцёл, а таксама за тых, хто даручае сябе нашым малітвам.

Фота: rkc.lviv.ua

Сёлета мы перажываем асаблівы час, паколькі ва Украіне гэты год прысвечаны святасці сям’і і сужэнства. Мы молімся за нашыя сем’і, за дзяцей у сем’ях, каб яны маглі расці ў добрых умовах, каб бацькі мелі працу і забяспечылі сваім дзецям годныя ўмовы жыцця», — зазначыў арцыбіскуп Макшыцкі.

Іерарх дадаў, што адначасова са львоўскай выйшла таксама пілігрымка з Цярнопаля, а ў пятніцу ў Бальшаўцы скіруюцца пілігрымы з Івана-Франкоўска.

У пілігрымках бяруць удзел таксама вернікі з усходняй Украіны, з Беларусі і з Польшчы.

Усе пілігрымы сустрэнуцца ў Бальшаўцах, дзе з 13 па 17 ліпеня пройдзе XVII францішканская сустрэча моладзі на тэму «Валадар пярсцёнкаў».

Фота: rkc.lviv.ua

Асноўныя ўрачыстасці ў бальшавецкім санктуарыі адбудуцца ў нядзелю 14 ліпеня.

У гэты дзень кіраўнік украінскага каталіцкага епіскапату лацінскага абраду біскуп Адэска-Сімферопальскі Браніслаў Бярнацкі здзейсніць урачыстую інтранізацыю копіі абраза Маці Божай Бальшавецкай, арыгінал якой знаходзіцца ў Гданьску (Польшча). Пасля Другой сусветнай вайны яго вывезлі туды айцы кармэліты, вымушаныя пакінуць тэрыторыю Савецкага Саюзу.

Абноўлена 11.07.2019 13:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа