Дакумент на тэму гендарнага пытання ў сферы адукацыі абнародавала Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі. Плён амаль двухгадовай працы прадставіў яе прэфект кардынал Джузэпэ Версальдзі.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент пад назваю «Мужчынам і жанчынай стварыў іх: Шляхам дыялогу адносна пытання гендарнай тэорыі ў адукацыі» заахвочвае да дыялогу на тэму гендара.
У ім з усведамленнем «вялікай рызыкі непаразуменняў і ідэалагічных канфліктаў у гэтай сферы» прапануецца ў якасці найбольш адпаведных метадаў працы «слуханне, абмеркаванне і выказванне прапановаў». У тэксце аналізуецца гісторыя гендарнага пытання і прапануецца яго хрысціянска-антрапалагічнае бачанне.
Кангрэгацыя заахвочвае размяжоўваць гендарную ідэалогію і сферу вывучэння гендарнага пытання.
Спасылаючыся на Апостальскую адгартацыю папы Францішка Amoris Lætitia, дакумент нагадвае, што гендарная ідэалогія «адмаўляе адрозненне і натуральную ўзаемадапаўняльнасць мужчыны і жанчыны. Яна паказвае грамадства без палавых адрозненняў і нівелюе антрапалагічныя асновы сям’і».
У той жа час дакумент падкрэслівае наяўнасць асобных «элементаў слушнага кансэнсусу» з гендарнай палітыкай. Сярод іх «павага да кожнага чалавека з яго адметнасцямі і разнастайнасцю ўмоваў, <…> каб ніхто не станавіўся аб’ектам цкавання, насілля, зняваг і несправядлівай дыскрымінацыі; прызнанне каштоўнасці жаноцкасці».
Новы дакумент прапануе антрапалагічна-хрысціянскае бачанне, якое разглядае сексуальнасць як істотную складаную чалавека, яго спосаб быцця, самавыяўлення, адносін з іншымі людзьмі і праяўлення любові.
Сексуальнасць з’яўляецца інтэгральнай часткай працэсу чалавечага развіцця і адукацыі, сцвярджаецца ў дакуменце.
Тэкст, апублікаваны ў некалькіх моўных версіях, будзе распаўсюджаны сярод нацыянальных біскупскіх канферэнцый для далейшай перадачы ў каталіцкія адукацыйныя структуры, рэлігійныя інстытуты, аб’яднанні вернікаў, хрысціянскія сем’і і іншыя структуры, якія дзейнічаюць у сферы адукацыі ў духу хрысціянскай веры.