Пошук

05.06.2019 16:38   Паводле: Vatican News
Фота nineoclock.ro
Фота nineoclock.ro

Апостальскае падарожжа папы Францішка ў Румынію стала галоўнай тэмай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 5 чэрвеня ў Ватыкане. Святы Айцец папрасіў маліцца, каб яно прынесла багатыя плёны для краіны і Касцёла.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік выказаў удзячнасць за запрашэнне наведаць краіну прадстаўнікам дзяржаўных і рэлігійных уладаў, а таксама ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі падарожжа. «Асаблівую падзяку ўзношу Богу, які дазволіў Наступніку св. Пятра вярнуцца ў гэтую краіну праз 20 гадоў пасля візіту св. Яна Паўла ІІ», — дадаў Папа.

Пантыфік нагадаў пра дэвіз Апостальскага падарожжа — «Ідзем разам». Ён заўважыў, што з радасцю заклікаў да супольнага шляху, зрабіўшы гэта не здалёк ці звысоку, але «ідучы пасярод румынскага народу, як пілігрым на яго зямлі».

«Падчас розных сустрэч падкрэслівалася каштоўнасць і патрэба супольнай хады, як паміж хрысціянамі, на ўзроўні веры і любові, так і паміж грамадзянамі, на ўзроўні грамадзянскай адказнасці», — зазначыў Святы Айцец.

«Як хрысціяне мы маем ласку жыць у перыяд братэрскіх адносін паміж рознымі Цэрквамі. У Румыніі большая частка вернікаў належыць да Праваслаўнай Царквы, на чале якой зараз знаходзіцца Патрыярх Данііл; да яго скіроўваю мой братэрскі і ўдзячны ўспамін. Каталіцкая супольнасць, як “грэчаская”, так і “лацінская” — жывая і актыўная», — падкрэсліў Папа.

«Еднасць паміж усімі хрысціянамі, хоць і з’яўляецца няпоўнай, грунтуецца на адзіным хросце; яна апячатаная крывёй і пакутамі, якія яны разам неслі ў цёмныя часы пераследу, асабліва падчас атэістычнага рэжыму на працягу мінулага стагоддзя», — адзначыў ён.

Пантыфік нагадаў, што меў сардэчную сустрэчу з Патрыярхам і Святым Сінодам Румынскай Праваслаўнай Царквы, падчас якой нагадаў пра жаданне Каталіцкага Касцёла «крочыць разам з прыміранай памяццю да больш поўнага адзінства, да чаго румынскі народ прароцкім чынам заклікаў падчас свайго візіту св. Ян Павел ІІ».

«Гэта важнае экуменічнае вымярэнне падарожжа дасягнула вышэйшага пункту ва ўрачыстай малітве “Ойча наш” у новым велічным катэдральным праваслаўным саборы ў Бухарэсце. Гэта быў момант моцнай сімвалічнай каштоўнасці, бо малітва “Ойча наш” з’яўляецца хрысціянскай малітвай у поўным сэнсе гэтага слова, супольнай спадчынай ахрышчаных», — сказаў Папа.

«Мы прадэманстравалі, што адзінства не пазбаўляе законных адметнасцяў. Няхай Святы Дух пабуджае нас да больш поўнага сумеснага жыцця Божых дзяцей і братоў», — дадаў ён.

Разам з румынскай каталіцкай супольнасцю Пантыфік цэлебраваў тры святыя Імшы. Першая адбылася ў катэдральным касцёле ў Бухарэсце 31 мая, у свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, «іконы Касцёла на шляху веры і міласэрнасці». Другая прайшла ў санктуарыі Сумулеў-Чук, куды прыбываюць шматлікія пілігрымы розных моў, культур і традыцый. Трэцяй стала Боская Літургія ў Блажы, цэнтры Грэка-Каталіцкай Царквы ў Румыніі, «падчас якой адбылася беатыфікацыя сямі грэка-каталіцкіх біскупаў-мучанікаў, сведкаў евангельскай свабоды і любові».

«Адзін з гэтых новых благаслаўлёных, біскуп Юліў Хосу, падчас знаходжання ў няволі напісаў: “Бог паслаў нас у гэту цемру пакут, каб несці прабачэнне і маліцца аб навяртанні ўсіх”. У кантэксце жудасных катаванняў, якія яны перажылі, гэтыя словы з’яўляюцца сведчаннем міласэрнасці», — заўважыў Папа.

«Асабліва яскравай і святочнай стала сустрэча з маладымі сем’ямі, якая прайшла ў Ясах, старажытным горадзе і важным культурным цэнтры, скрыжаванні паміж Захадам і Усходам. Гэтае месца заклікае адкрыць шляхі, па якіх трэба крочыць разам у багацці адметнасцяў і ў свабодзе, якая не пазбаўляе каранёў, але прыцягвае нас творчым чынам. Таксама і гэтая сустрэча мела марыйны характар і завяршылася прысвячэннем моладзі і сем’яў Найсвяцейшай Багародзіцы», — падзяліўся Пантыфік.

Апошнім этапам стаў візіт да цыганскай супольнасці ў горадзе Блаж.

«Я хацеў прывітаць іх і зноў скіраваць заклік супраць дыскрымінацыі, на карысць павагі да людзей усіх народнасцяў, моў і рэлігій», — дадаў Святы Айцец.

«Дарагія браты і сёстры, падзякуем Богу за гэтае Апостальскае падарожжа і папросім Яго, праз заступніцтва Панны Марыі, каб яно прынесла багатыя плёны для Румыніі і Касцёла на гэтых землях», — заахвоціў папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.