Пошук

16.05.2019 10:03   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота politico.com
Фота politico.com

Калі нам пагражае зло, Езус знаходзіцца на нашым баку і прыходзіць нам на дапамогу, нагадаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 15 мая на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, завяршаючы цыкл катэхез, прысвечаных малітве «Ойча наш», Папа засяродзіў увагу на яе апошніх словах: «Але збаў нас ад злога» (Мц 6, 12b). Ён заўважыў, што гэтымі словамі, чалавек, які моліцца, не толькі просіць не быць пакінутым у час спакусы, але і моліць аб вызваленні ад зла.

«Арыгінальнае грэчаскае слова вельмі моцнае: нагадвае пра прысутнасць злога, які намагаецца нас схапіць і пажэрці (пар. 1 П 5, 8), а мы просім Бога, каб вызваліў ад яго», — сказаў Пантыфік.

«У гэтым падвойным маленні — “не пакінь нас” і “вызвалі нас” — выяўляецца істотная рыса хрысціянскай малітвы. Езус вучыць сваіх сяброў ставіць зварот да Айца перад усімі іншымі, нават, і асабліва, у хвіліны, калі злы дае адчуць сваю пагрозлівую прысутнасць. Хрысціянская малітва не заплюшчвае вачэй на жыццё. Гэта сыноўская, а не інфантыльная малітва. Яна не настолькі зачараваная айцоўствам Бога, каб забыцца, што шлях чалавека — цярністы», — заўважыў папа Францішак.

«Калі б не было апошніх радкоў малітвы “Ойча наш”, як маглі б маліцца грэшнікі, ахвяры пераследу, роспачныя, паміраючыя? Апошняя просьба — гэта менавіта тая, якую мы прамаўляем, калі знаходзімся ў крайняй сітуацыі», — дадаў ён.

Папа нагадаў, што існаванне зла — бясспрэчны факт, а гісторыя чалавецтва, пазначаная шматлікімі паразамі, пацвярджае гэта. Ён параўнаў зло са змеем, які паціху пранікае ў складкі гісторыі, маўкліва атручваючы яе. Часам можа здавацца, што зло перамагае, а яго прысутнасць становіцца больш выразнай, чым прысутнасць міласэрнасці Бога, асабліва ў хвіліны адчаю, звярнуў увагу Святы Айцец.

«Чалавек, які моліцца — не сляпы; ён ясна бачыць перад вачыма зло, якое з’яўляецца вельмі вялікім і супрацьлеглым самой таямніцы Бога. Чалавек бачыць яго ў прыродзе і гісторыі, а нават у сваім сэрцы, бо сярод нас няма нікога, хто б мог сказаць, што з’яўляецца свабодным ад зла ці ад спакус», — падкрэсліў Пантыфік.

«Мы ўсе ведаем, што такое зло; мы ўсе ведаем, што такое спакуса або любы грэх. Але гэта спакусіцель нас падштурхоўвае — зрабі гэта, думай пра тое, ідзі тым шляхам — пабуджае нас да зла», — дадаў ён.

Паводле Папы, «апошняя просьба малітвы “Ойча наш” накіравана супраць гэтага зла з “шырокімі палямі”, якое трымае пад сваім каўпаком самыя розныя сітуацыі: жалобу чалавека, нявінныя пакуты, рабства, інструменталізацыю іншага чалавека, плач нявінных дзяцей». Усё гэта абуджае супраціў у чалавечым сэрцы і становіцца голасам у апошніх словах малітвы Езуса, адзначыў ён.

«Менавіта ў апісанні Мукі некаторыя радкі малітвы “Ойча наш” знаходзяць сваё самае ўражальнае рэха. Езус кажа: “Абба! Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты” (Мк 14, 36). Езус цалкам пазнаў глыбокі боль зла. Не проста смерць, але смерць на крыжы. Не толькі самотнасць, але і пагарду, прыніжэнне. Не толькі непрыязнасць, але і жорсткасць, бязлітаснасць», — заўважыў Пантыфік.

«Вось, хто такі чалавек: істота, якая прагне жыцця і марыць пра любоў і дабро, але якая пастаянна падстаўляе саму сябе і сваіх блізкіх злу, да такой ступені, што можам нават паддацца спакусе расчаравання ў чалавеку», — сказаў Папа.

Святы Айцец параўнаў малітву «Ойча наш» з сімфоніяй, якая просіць рэалізацыі ў кожным з нас.

«Хрысціянін ведае, наколькі знявольвае сіла зла, але ў той жа час мы бачым як Езус, які ніколі не паддаўся яго спакусам, стаіць на нашым баку і прыходзіць нам на дапамогу», — звярнуў увагу ён.

«Такім чынам малітва Езуса пакідае нам найкаштоўнейшую спадчыну: прысутнасць Божага Сына, які вызваліў нас ад зла, змагаючыся за яго навяртанне. Падчас апошняй бітвы Ён загадвае Пятру схаваць меч у ножны, злодзею, які пакаяўся, абяцае Рай, усім людзям, якія знаходзіліся вакол, не ўсведамляючы трагедыі, дорыць слова супакою: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34)», — нагадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа Францішак падкрэсліў, што ад прабачэння Езуса на крыжы зыходзіць сапраўдны супакой, які з’яўляецца дарам Бога для чалавека. «Пан дае нам супакой, дае нам прабачэнне, але мы павінны прасіць: “вызвалі нас ад злога”, дапамажы не паддавацца злу. Гэта наша надзея, гэта наша сіла, якую дае Езус, Уваскрослы Езус, прысутны пасярод нас, сіла, якую Ён дае нам, каб ішлі наперад, і абяцае нам вызваленне ад злога», — сказаў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.