Пошук

13.05.2019 19:05   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: romasette.it

Працягваць місію Езуса — Настаўніка, Святара і Пастыра заклікаў папа Францішак новых святароў, якім 12 мая, у 56-ы Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях, удзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне падчас урачыстай літургіі ў базыліцы св. Пятра.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у гаміліі Святы Айцец падкрэсліў, што Касцёл, у якім новапрэзбітэры будуць выконваць сваё служэнне, не з’яўляецца асацыяцыяй або сіндыкатам, і іх заданне ў тым, каб прымаць удзел у таямніцы Хрыста. Папа заклікаў новапасвячаных да разважання над Словам Божым, без чаго немагчыма адказна абвяшчаць яго вернікам.

Пантыфік заахвоціў новых святароў словам і прыкладам будаваць Касцёл, будучы перадусім людзьмі малітвы; людзьмі ахвярнымі, якія жадаюць асвячаць вернікаў.

«Будзьце міласэрнымі да грэшнікаў падчас сакрамэнту пакаяння, як Езус быў міласэрны да кожнага з нас», — сказаў ім Святы Айцец.

Гаворачы пра сакрамэнт намашчэння, ён запрасіў новапрэзбітэраў не шкадаваць часу, каб наведваць хворых. Пастыр паўсюднага Касцёла пажадаў сваім маладым калегам, каб яны выконвалі сваё служэнне з радасцю і любоўю, шчыра намагаючыся дагадзіць толькі Богу, а не самім сабе.

«Радасць святарства можна знайсці толькі на гэтым шляху — дагаджаць Богу, які нас выбраў», — сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне гаміліі ён заклікаў новапрэзбітэраў заўсёды мець перад вачыма прыклад Добрага Пастыра, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць іншым ды шукаць і збавіць тое, што загінула.

З дзевятнаццаці новых святароў восем належаць да Святарскага брацтва Сыноў Крыжа, адзін — да манаскай кангрэгацыі Сям’і Вучняў; двое вучыліся ў Папскай рымскай вышэйшай духоўнай семінарыі і яшчэ восем — у рымскім Дыяцэзіяльным калегіюме Redemрtoris Mater.

Пасвячаныя папам Францішкам у нядзелю новапрэзбітары паходзяць з Харватыі, Перу, Гаіці і Японіі, а большасць — з Італіі. Самаму старэйшаму з іх 46 гадоў, а наймалодшаму 28.

Абноўлена 14.05.2019 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.