Пошук

09.05.2019 17:40   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Jakub Szymczuk / «Gość»

9 мая Святы Пасад афіцыйна прадставіў новы ўніверсальны збор нормаў, распрацаваны па выніках нарады кіраўнікоў епіскапатаў па абароне непаўнагадовых, якая прайшла ў Ватыкане ў лютым 2019 г.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, гэтыя нормы распаўсюджваюцца на ўвесь Каталіцкі Касцёл. Дакумент зацвярджае працэсуальныя нормы барацьбы з сексуальнымі злоўжываннямі і павінен служыць гарантам таго, што біскупы і вышэйшыя настаяцелі манаскіх кангрэгацый разумеюць сваю адказнасць і сутнасць сваіх учынкаў.

«Vos estis lux mundi. Вы — святло свету… Наш Пан Езус Хрыстус заклікае кожнага верніка быць яскравым прыкладам цноты, чысціні і святасці», — такімі словамі распачынаецца новы дакумент папы Францішка, напісаны ў форме motu proprio. Крыніцай натхнення для яго назвы і першых радкоў паслужыла Евангелле паводле святога Мацвея.

Дакумент прысвечаны барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі, здзейсненымі святарамі і кансэкраванымі асобамі, а таксама з учынкамі або занядбаннямі біскупаў і вышэйшых настаяцеляў, скіраванымі на чыненне перашкоды або ўніканне следства па справах злоўжыванняў. Папа падкрэслівае, што «сексуальныя злоўжыванні зневажаюць нашага Пана, наносяць фізічную, псіхалагічную і духоўную шкоду ахвярам і абражаюць супольнасць вернікаў». Святы Айцец нагадвае пра асаблівую адказнасць, якую нясуць наступнікі Апосталаў за прадухіленне такіх злачынстваў.

У кожнай дыяцэзіі — «адно вакно» для паведамлення пра выпадкі злоўжыванняў

Сярод прадугледжаных новаўвядзенняў — абавязак кожнай дыяцэзіі свету распрацаваць да чэрвеня 2020 г. адну або некалькі пастаянных і лёгкадаступных для грамадскасці сістэм сігналізавання аб выпадках сексуальных злоўжыванняў, здзейсненых святарамі або кансэкраванымі асобамі, аб карыстанні матэрыяламі педафілійна-парнаграфічнага характару і аб замоўчванні саміх выпадкаў злоўжыванняў.

У той жа час дакумент не ўдакладняе, што павінны ўяўляць сабой гэтыя сістэмы, каб пакінуць за дыяцэзіямі магчымасць найбольш эфектыўнага выбару ў залежнасці ад мясцовых культур і ўмоў. Галоўнае, каб асобы, якія пацярпелі ад сексуальнага злоўжывання, маглі звярнуцца ў мясцовы Касцёл, упэўненыя ў тым, што будуць добра прынятыя і абароненыя ад звароту прадстаўленых звестак супраць іх жа саміх і што іх данясенне будзе ўспрынята з максімальнай сур’ёзнасцю.

Абавязак сігналізаваць

Наступнае новаўвядзенне датычыцца абавязку ўсіх святароў і кансэкраваных асобаў своечасова сігналізаваць касцёльным уладам пра ўсе выпадкі злоўжыванняў, пра якія ім становіцца вядома, а таксама пра магчымыя занядбанні і замоўчванні ў справах, што датычацца такіх злачынстваў.

Калі да гэтага часу адпаведны абавязак па сутнасці суадносіўся толькі з асабістай свядомасцю кожнага чалавека, цяпер ён набыў характар універсальнага юрыдычнага прадпісання. Папскі дакумент ускладае гэты абавязак на святароў і кансэкраваных асобаў, аднак у той жа час заахвочвае і ўсіх свецкіх вернікаў пры неабходнасці карыстацца сістэмай сігналізавання кампетэнтным уладам пра выпадкі сексуальных злоўжыванняў і дамаганняў.

Не толькі злоўжыванні ў дачыненні да непаўнагадовых

Дакумент ахоплівае не толькі выпадкі сексуальнага насілля і дамаганняў у адносінах да непаўнагадовых і ўразлівых дарослых, але і адпаведныя выпадкі, выкліканыя злоўжываннем уладай.

Гаворка ідзе пра любыя выпадкі насілля над кансэкраванымі асобамі з боку святароў, а таксама дамаганняў у дачыненні да семінарыстаў або навіцыяў.

Замоўчванне

Сярод найбольш важных адметнасцяў дакумента — увядзенне ў якасці асобнай катэгорыі выпадкаў так званае замоўчванне.

Замоўчванне — гэта «ўчынкі або занядбанні, скіраваныя на чыненне перашкоды ці пазбяганне грамадзянскага або кананічнага, адміністрацыйнага або крымінальнага следства ў дачыненні да святара або да кансэкраванай асобы ў сувязі са злачынствам» сексуальнага злоўжывання.

Гаворка ідзе пра тых, хто, будучы надзелены асаблівай адказнасцю ў Каталіцкім Касцёле, замест таго, каб выкрываць учыненыя іншымі акты сексуальнага насілля і абараняць іх ахвяр, хаваюць іх і пакрываюць вінаватых.

Абарона ўразлівых асобаў

Дакумент Vos estis lux mundi робіць націск на важнасці абароны непаўнагадовых (асобаў, якія яшчэ не дасягнулі 18-гадовага ўзросту) і ўразлівых асобаў. Дарэчы, значэнне паняцця «ўразлівая асоба» ў дакуменце больш шырокае і ахоплівае не толькі людзей, няздольных да звычайнага карыстання розумам, але і асобныя, часовыя выпадкі няздольнасці разумець і аб’ектыўна ацэньваць, а таксама фізічную недзеяздольнасць. У гэтай матэрыі новы дакумент перагукаецца з нядаўна прынятым ватыканскім Законам № 297 ад 26 сакавіка 2019 г.

Выкананне дзяржаўных законаў

Абавязак сігналізаваць пра выпадкі сексуальнага злоўжывання мясцоваму ардынарыю або вышэйшаму настаяцелю манаскага ордэна не супярэчыць і не адмяняе ніякіх іншых абавязкаў данясення, што існуюць у законах адпаведных краін: нормы дзейнічаюць без шкоды для правоў і абавязкаў, устаноўленых у той ці іншай мясцовасці дзяржаўнымі законамі, асабліва тых, што датычацца абавязкаў сігналізаваць кампетэнтным грамадзянскім уладам.

Абарона тых, хто сігналізуе, і саміх ахвяр сексуальных злачынстваў

Істотнымі з’яўляюцца таксама артыкулы, прысвечаныя абароне тых, хто сігналізуе аб выпадках злоўжыванняў.

Асобы, якія паведамляюць пра выпадкі злоўжыванняў, згодна са зместам motu proprio, не могуць быць падвергнутыя «прадузятасці, звароту прадстаўленых звестак супраць іх саміх або дыскрымінацыі» з прычыны здзейсненага данясення.

Увага звяртаецца таксама на праблему ахвяраў злоўжыванняў, якія ў мінулым былі змушаныя захоўваць маўчанне: новыя ўніверсальныя нормы не дапускаюць прымушаць іх да маўчання адносна зместу данясення. Натуральна, таямніца споведзі застаецца безумоўнай і непарушнай, а таму, адпаведна, ніякім чынам не ахопліваецца зместам новых нормаў. Акрамя таго, дакументам Vos estis lux mundi пастанаўляецца, што да ахвяр і іх сем’яў трэба ставіцца годна і з павагай; яны павінны атрымліваць належную духоўную, медыцынскую і псіхалагічную дапамогу.

Следства ў дачыненні да біскупаў

Дакумент рэгулюе следства ў дачыненні да біскупаў, кардыналаў, вышэйшых настаяцеляў і тых, хто на той ці іншай падставе, нават калі і часова, кіруе дыяцэзіяй або іншым партыкулярным Касцёлам. Адпаведная норма павінна выконвацца не толькі ў выпадках, калі вышэйпералічаныя асобы падпадаюць пад следства ў сувязі з абвінавачваннем у непасрэдным здзяйсненні акту сексуальнага злоўжывання, але і тады, калі яны абвінавачваюцца ў замоўчванні або нежаданні выкрываць выпадкі злоўжыванняў, аб якіх даведаліся і якім павінны былі супрацьстаяць.

Роля Мітрапаліта

Істотным з’яўляецца новаўвядзенне, што датычыцца ўключэння ў папярэдняе следства Мітрапаліта, які атрымлівае з боку Святога Пасаду мандат на правядзенне следства ў выпадку, калі асоба, на якую было здзейснена данясенне, з’яўляецца біскупам.

Роля Мітрапаліта, традыцыйная ў Каталіцкім Касцёле, узмацняецца і сведчыць пра жаданне выкарыстоўваць у тым ліку і мясцовыя рэсурсы ў пытаннях, якія датычацца следства адносна біскупаў.

Упаўнаважаны весці следства праз трыццаць дзён пасля яго распачацця перадае Святому Пасаду афіцыйнае паведамленне адносна стану следства, якое павінна быць завершана на працягу дзевяноста дзён (з важных прычынаў магчымая адтэрміноўка). Такім чынам, устанаўліваецца дакладны тэрмін для правядзення следства і ўпершыню ад задзейнічаных ватыканскіх ведамстваў патрабуецца своечасовае рэагаванне.

Уключэнне свецкіх вернікаў

Грунтуючыся на Кодэксе кананічнага права, які падкрэслівае каштоўны патэнцыял свецкіх вернікаў, нормы motu proprio прадугледжваюць, што Мітрапаліт, ажыццяўляючы следства, можа карыстацца дапамогай кваліфікаваных асобаў, калі таго патрабуе канкрэтны выпадак, у тым ліку і ў супрацоўніцтве са свецкімі вернікамі.

Папа неаднаразова казаў, што кваліфікаванасць і прафесіяналізм свецкіх вернікаў уяўляюць сабой важны рэсурс для Каталіцкага Касцёла.

Прынятыя нормы прадугледжваюць, што канферэнцыі біскупаў і дыяцэзіі змогуць падрыхтаваць спісы кваліфікаваных асобаў, гатовых да супрацоўніцтва, аднак канчатковую адказнасць за следства нясе Мітрапаліт.

Прэзумпцыя невінаватасці

Новы дакумент пацвярджае прынцып прэзумпцыі невінаватасці асобы пад следствам, якой неабходна паведаміць аб вядзенні следства, як толькі кампетэнтнае ведамства агучыць адпаведнае патрабаванне. Абвінавачванне павінна быць у абавязковым парадку прад’яўлена толькі ва ўмовах афіцыйнага распачацця следчага працэсу і, калі будзе палічана адпаведным для забеспячэння цэласнасці следства або доказаў, можа быць прапушчана на папярэднім этапе.

Завяршэнне следства

Дакумент не ўносіць зменаў у меры пакарання, прадугледжаныя за злачынствы, але зацвярджае працэдуру сігналізавання і ажыццяўлення папярэдняга следства. Пасля завяршэння следства Мітрапаліт (або ў пэўных выпадках біскуп суфраганнай дыяцэзіі, які мае найбольшы тэрмін біскупскага служэння) прадстаўляе вынікі кампетэнтнаму ватыканскаму ведамству і тым самым завяршае сваё заданне. Кампетэнтнае ведамства працягвае працэс згодна з правам, як прадугледжана для канкрэтнага выпадку на аснове ўжо існуючых кананічных нормаў.

Кіруючыся вынікамі папярэдняга следства, Святы Пасад можа неадкладна прымяніць да асобы пад следствам прэвентыўныя і абмежавальныя меры.

Канкрэтнае абавязацельства

Новым юрыдычным інструментам, які прапанаваў папа Францішак, Каталіцкі Касцёл робіць яшчэ адзін рашучы крок у напрамку папярэджвання і супрацьстаяння сексуальным злоўжыванням, робячы націск на канкрэтныя дзеянні.

Як піша Пантыфік на пачатку дакумента, «каб падобная з’ява ва ўсіх яе формах больш не мела месца, неабходна бесперапыннае і глыбокае навяртанне сэрцаў, пацверджанае канкрэтнымі і эфектыўнымі справамі, якія б залучалі ўсіх у Каталіцкім Касцёле».

Абноўлена 10.05.2019 12:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа