Пошук

08.05.2019 15:52   Catholic.by
Фота Capital FM
Фота Capital FM

Апостальскае падарожжа ў Балгарыю і Паўночную Македонію было галоўнай тэмай агульнай аўдыенцыі, якая 8 мая прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, папа Францішак распавёў, што ў Балгарыю яго скіравала жывая памяць пра св. Яна ХХІІІ, які быў пасланы ў гэту краіну ў 1925 г. у якасці візітатара, а затым Апостальскага дэлегата. «Натхнёны яго прыкладам добразычлівасці і душпастырскай любові, я сустрэў народ, пакліканы быць мостам паміж Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Еўропай», — сказаў Пантыфік.

«Праз дэвіз “Pacem in terris” я заклікаў усіх крочыць шляхам братэрства.

На гэтым шляху я меў радасць зрабіць крок наперад, у прыватнасці падчас сустрэчы з Патрыярхам Балгарскай Праваслаўнай Царквы Неафітам і членамі Святога Сінода», — звярнуў увагу Папа.

«Сапраўды, наша пакліканне і місія як хрысціян заключаецца ў тым, каб быць знакам і інструментам адзінства. І мы можам быць ім, з дапамогай Святога Духа, аддаючы перавагу таму, што нас яднае, перад тым, што нас раздзяліла ці яшчэ раздзяляе», — дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што Балгарыя была евангелізавана святымі Кірылам і Мятодам, перад іконай якіх ён маліўся ў патрыярхальнай катэдры св. Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Папа адзначыў, што гэтыя два місіянеры, будучы грэчаскага паходжання, «аказаліся здольнымі з крэатыўнасцю выкарыстаць сваю культуру, каб перадаць хрысціянскае пасланне славянскім народам, і стварылі алфавіт, з дапамогай якога пераклалі на славянскую мову Біблію і літургічныя тэксты».

«Таксама і сёння існуе патрэба ў адданых і крэатыўных евангелізатарах, каб Евангелле дасягнула людзей, якія яго яшчэ не ведаюць, і магло нанова акрапіць землі, дзе засохлі старажытныя хрысціянскія карані», — сказаў Папа.

«У гэтай перспектыве я двойчы цэлебраваў Эўхарыстыю з каталіцкай супольнасцю ў Балгарыі і заахвоціў яе быць плённай і поўнай надзеі. Яшчэ раз дзякую гэтаму Божаму народу, які мне прадэманстраваў моцную веру і моцную любоў», — дадаў ён.

Святы Айцец распавёў, што апошняй часткай яго падарожжа ў Балгарыю стала малітва разам з прадстаўнікамі розных рэлігій, падчас якой група дзяцей запаліла агеньчыкі, сімвал веры і надзеі.

Гаворачы пра візіт у Паўночную Македонію, Пантыфік заўважыў, што тут яго суправаджала моцная духоўная прысутнасць св. Маці Тэрэзы з Калькуты, якая нарадзілася ў 1910 г. у Скоп’е, дзе атрымала сакрамэнты хрысціянскай ініцыяцыі і навучылася любіць Езуса.

«У гэтай жанчыне, маленечкай, але поўнай сілы, дзякуючы дзейснасці ў ёй Святога Духа, мы бачым вобраз Касцёла ў гэтай краіне і на іншых перыяферыях свету: малую супольнасць, якая, з дапамогай Хрыстовай ласкі, становіцца гасцінным домам, дзе многія знаходзяць суцяшэнне для свайго жыцця. У Мемарыяле Маці Тэрэзы я маліўся ў прысутнасці іншых рэлігійных лідараў і вялікай групы бедных і благаславіў вуглавы камень санктуарыя, ёй прысвечанага», — падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што сваім візітам пажадаў падтрымаць традыцыйную здольнасць балканскай краіны станавіцца прытулкам для розных этнічных і рэлігійных груп, а таксама яе намаганні, накіраваныя на прыняцце і дапамогу вялікай колькасці мігрантаў і бежанцаў у крытычны перыяд 2015-2016 гг.

Па словах Папы, Паўночная Македонія — маладая і маленькая краіна, якая патрабуе таго, каб адкрыцца на шырокія гарызонты, не губляючы сваіх каранёў.

Менавіта па гэтай прычыне важнай стала яго сустрэча з моладдзю.

«Гэта былі юнакі і дзяўчаты розных хрысціянскіх канфесій, а таксама іншых рэлігій, паяднаныя жаданнем будаваць штосьці цудоўнае ў жыцці. Я заклікаў іх марыць пра вялікае і ўключацца ў гульню, як маладая Агнэс — будучая Маці Тэрэза, — слухаючы голас Бога, Які прамаўляе праз малітву і цела братоў у патрэбе», — сказаў Папа.

«Акрамя сведчанняў моладзі, у Скоп’е я выслухаў святароў і кансэкраваных асобаў. Мужчыны і жанчыны, якія прынеслі ў дар Хрысту сваё жыццё. Рана ці позна ў іх з’явіцца спакуса сказаць: “Пане, чым з’яўляецца мой маленькі дар перад абліччам вялікіх праблем Касцёла і свету?” Таму я нагадаў ім, што малая колькасць закваскі можа дапамагчы падняцца ўсяму цесту, а малая колькасць духмянага алею, чыстага і канцэнтраванага, напаўняе добрым пахам усё асяроддзе», — дадаў Пантыфік.

Гаворачы пра святую Імшу ў Скоп’е, Папа заўважыў, што падчас яе, на адной сучаснай перыферыі Еўропы, адбыўся цуд Бога, Які з дапамогай некалькіх рыб і хлябоў, паламаных і падзеленых, заспакоіў голад мноства людзей.

«Даверым Яго невычарпальнаму Провіду сучаснасць і будучыню народаў, якія я наведаў падчас гэтага падарожжа.

Запрашаю ўсіх вас прасіць Маці Божую, каб благаславіла гэтыя дзве краіны: Балгарыю і Паўночную Македонію»,

— заклікаў на заканчэнне Святы Айцец.

Абноўлена 08.05.2019 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця