Пошук

17.04.2019 20:22   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота Crux Now
Фота Crux Now

Мы праслаўляем Нябеснага Айца, калі пражываем кожны дзень і кожную справу з любоўю, адзначыў папа Францішак на агульнай аўдыенцыі 17 красавіка.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, у вігілію Пасхальнага Трыдууму Пантыфік прапанаваў засяродзіцца на малітвах, з якімі Езус напярэдадні і падчас Крыжовай мукі і смерці звяртаўся да Нябеснага Айца.

Пасля Апошняй Вячэры Езус узняў вочы да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго (...). Услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету» (Ян 17, 1.5). «Пра якую хвалу ідзе гаворка?» — задаўся пытаннем Папа.

«Хвала ў Бібліі азначае Божае аб’яўленне, гэта распазнавальны знак Яго збаўчай прысутнасці сярод людзей. Езус — гэта Той, хто рашуча дэманструе Божую прысутнасць і збаўленне. І робіць гэта падчас Пасхі: Ён быў услаўлены, калі быў узняты над зямлёю (пар. Ян 12, 23-33). Нарэшце Бог аб’яўляе сваю хвалу: скідае апошняе покрыва і выклікае нашае захапленне, як ніколі раней. Мы нарэшце адкрываем, што Божая хвала — гэта любоў: чыстая любоў, неспасцігальная і няўяўная, якая перасягае любыя межы і памеры», — сказаў Пантыфік.

Ён заклікаў прысутных вернікаў пераймаць гэтую малітву Езуса: прасіць Айца, каб скінуў покрыва з нашых вачэй, каб у гэтыя дні, углядаючыся ў крыж, мы маглі прыняць той факт, што Бог з’яўляецца любоўю.

Папа заўважыў, што вельмі часта мы ўяўляем Бога гаспадаром ці строгім суддзёй, а не Айцом і міласэрным Збаўцам, хоць падчас Пасхі Ён аб’явіў Сябе «ў пакорлівасці любові, якая патрабуе нашай любові».

«Такім чынам, мы аддаём хвалу, калі пражываем усё тое, што робім, з любоўю, калі кожную рэч робім ад сэрца, нібы робім для Яго (пар Кар 3, 17). Сапраўдная хвала — гэта хвала любові, бо толькі яна дае жыццё свету. Канешне, такая хвала — супрацьлеглая хвале гэтага свету, што праяўляецца, калі намі захапляюцца, нас праслаўляюць, нам апладзіруюць: калі я — у цэнтры ўвагі. Божая ж хвала — парадаксальная: ніякіх апладысментаў, ніякай публічнасці. У цэнтры не я, але іншы: падчас Пасхі бачым, што Айцец услаўляе Сына, у той час як Сын услаўляе Айца. Ніхто не славіць сам сябе», — адзначыў Папа.

Па словах Пантыфіка, Езус, молячыся ў Аліўным садзе, ахоплены «страхам і трывогай», звярнуўся да Айца «найбольш пяшчотным і салодкім» словам: «Абба», што значыць Тата (Мк, 14, 36). Тым самым Езус вучыць, што ў моманты жыццёвых выпрабаванняў трэба звяртацца да Нябеснага Айца, у малітве шукаць суцяшэнне, моц і разуменне таго, што мы не самотныя.

Папа падкрэсліў, што адзінота не прапануе шляхоў выйсця; іх трэба шукаць у малітве, «бо гэта стасункі, гэта давер». Таму, калі ўваходзім «у свой Аліўны сад», мы павінны звяртацца за падтрымкай і суцяшэннем да Айца.

Нарэшце, працягнуў Пантыфік, Езус падчас укрыжавання просіць Айца за нас: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). На піку болю дасягае сваёй кульмінацыі любоў: прыходзіць прабачэнне — адзіны дар, здольны разарваць замкнёнае кола зла.

«У гэтыя дні падчас малітвы “Ойча наш” можам прасіць аб адной з гэтых ласкаў: пражываць нашыя дні на хвалу Бога, іншымі словамі, жыць з любоўю, умець даручаць сябе Айцу падчас выпрабаванняў і казаць Яму: “Тата”, знаходзіць у сустрэчы з Айцом прабачэнне і мужнасць прабачыць», — заахвоціў папа Францішак. Па яго словах, абедзве гэтыя рэчы спалучаны: Айцец прабачае нам і адначасова дае мужнасць, каб і мы маглі прабачаць адзін аднаму.

Абноўлена 17.04.2019 20:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.