Пошук

27.02.2019 12:42   Паводле: Vatican News
Фота Lapresse

«Стварэнне ж з надзеяй чакае адкрыцця сыноў Божых», — гэтая цытата з Паслання да Рымлянаў стала эпіграфам да ліста Святога Айца на сёлетні Вялікі пост, які распачнецца 6 сакавіка.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, на пачатку паслання папа Францішак адзначыў, што таямніца збаўлення таксама ўключае ў сябе гісторыю і ўсё стварэнне.

Калі чалавек жыве як дзіця Бога, ён прыносіць карысць стварэнню праз супрацоўніцтва ў яго адкупленні.

Аднак гармоніі, якая паходзіць з адкуплення, у гэтым свеце ўсё яшчэ пагражае адмоўная ўлада граху і смерці. Мы часта паводзім сябе дэструктыўна не толькі ў адносінах да сябе, але і да іншых людзей і істот, калі даем авалодаць сабой логіцы «ўсё і адразу».

Папа нагадаў, што разрыў камуніі з Богам парушыў таксама гарманічныя адносіны людзей з навакольным асяроддзем. Чалавек лічыць сябе богам стварэння, поўнаўладным гаспадаром, і карыстаецца ім не так, як хацеў Створца, але ў сваіх уласных інтарэсах, на шкоду іншых істот і людзей.

Грэх прыводзіць да «выкарыстання стварэння, асоб і навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з нерэалізаванай смагай, якая кожнае жаданне лічыць правам, і што рана ці позна прывядзе да разбурэння нават тых, над кім яна дамінуе», напісаў Святы Айцец.

Пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў вернікаў да пакаяння і навяртання, да посту, малітвы і міласціны.

Ён таксама заахвоціў адмовіцца ад спакусы «паглынання» ўсяго і вучыцца пакутаваць з любові, якая можа запоўніць пустку ў чалавечым сэрцы. Папа запрасіў адмовіцца ад ідалапаклонства і самадастатковасці нашага «я»; прызнаць, што мы маем патрэбу ў Богу і ў Яго міласэрнасці. Пантыфік патлумачыў, што міласціна — гэта адмова ад назапашвання ўсяго для сябе ў ілюзіі забеспячэння будучыні.

Папа заклікаў вернікаў у Вялікім посце прынесці Хрыстовую надзею стварэнню, якое «вызвалена будзе з няволі тлення дзеля свабоды хвалы дзяцей Божых» (Рым 8, 21).

«Давайце не дапусцім, каб гэты благаслаўлёны час мінуў дарма! Будзем прасіць Бога дапамагчы нам стаць на шлях сапраўднага навяртання.

Трэба пазбавіцца ад эгаізму і закаханасці ў сябе і ўглядацца ў Пасху Езуса, наблізіцца да братоў і сясцёр у цяжкай сітуацыі, дзелячыся з імі нашымі духоўнымі і матэрыяльнымі дабротамі. Такім чынам, прымаючы ў штодзённасці нашага жыцця перамогу Хрыста над грахом і смерцю, мы накіруем Яго пераўтваральную моц да ўсяго стварэння», — напісаў Святы Айцец у сваім пасланні на Вялікі пост.

Абноўлена 27.02.2019 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа