Падвядзеннем вынікаў ватыканскай сустрэчы па абароне непаўнагадовых у Касцёле стане нядзельная прамова папы Францішка. Аб гэтым паведаміў журналістам мадэратар саміту а. Фэдэрыко Ламбардзі.
Як інфармуе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, узнятыя падчас нарады тэмы Пантыфік будзе абмяркоўваць у бліжэйшы панядзелак з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі. У доўгатэрміновай перспектыве можна чакаць канчатковага дакумента па выніках сустрэчы.
Кангрэгацыя Веравучэння ўжо рыхтуе канкрэтныя ўказанні — своеасаблівы даведнік для біскупаў, у якім крок за крокам апісваецца працэдура, паводле якой пастыры дыяцэзій павінны дзейнічаць у выпадках, калі атрымана інфармацыя аб злоўжыванні святара адносна непаўнагадовай асобы.