Пошук

15.02.2019 18:41   Паводле: Vatican News
Кардынал Кэвін Джозэф Фарэл. Фота dallasnews.com

Як паведаміла беларуская рэдакцыя партала Vatican News, 14 лютага папа Францішак прызначыў Камерленга Святога Рымскага Касцёла, якім стаў кардынал Кэвін Джозэф Фарэл (Kevin Joseph Farrell), прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

71-гадовы амерыканскі іерарх ірландскага паходжання Кэвін Джозэф Фарэл, былы арцыбіскуп Даласа, з 15 жніўня 2016 г. узначальвае Дыкастэрыю па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Кардынальскую годнасць атрымаў 19 лістапада 2016 г. Ён змяніў на пасадзе Камерленга кардынала Жана-Луі Тарана, памерлага 5 ліпеня 2018 г.

Пасада Камерленга Святога Рымскага Касцёла з’яўляецца адной з дзвюх самых высокіх у Касцёле (разам з Дзяржсакратаром), якія захоўваюцца са смерцю або адстаўкай Папы. Падчас sede vacante (адсутнасці Папы) менавіта ён кіруе фінансамі і ўласнасцю Касцёла.

Больш канкрэтна задачы і функцыі Камерленга вызначаюць дзве Апостальскіх канстытуцыі св. Яна Паўла II: Pastor Bonus («Добры Пастыр», 1988 г.) і Universi Dominici gregis («Паўсюднай паствы Пана», 1996 г.). У першым дакуменце гаворыцца, што Камерленга Святога Рымскага Касцёла павінен афіцыйна сцвердзіць смерць Папы і апячатаць яго кабінет і кватэру, а затым зрабіць тое ж з усімі папскімі апартаментамі. Менавіта ён адказвае за паведамленне пра смерць Святога Айца кардыналу-вікарыю Рыма, які, у сваю чаргу, афіцыйна перадае гэту навіну жыхарам горада. Таксама ў яго часовае распараджэнне пераходзіць Апостальскі палац у Ватыкане, палацы на Латэране і ў Кастэль Гандольфа.

Папярэднім Камерленга Святога Рымскага Касцёла быў Жан-Луі Таран (2014–2018 гг.), які 13 сакавіка 2013 г. абвясціў свету пра абранне папы Францішка, а ў ліпені таго ж года як прадстаўнік Святога Айца ўзначаліў юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе ў 400-ю гадавіну з’яўлення там цудатворнага абраза Маці Божай.

Абноўлена 15.02.2019 21:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.