Пошук

02.01.2019 08:40   Паводле: Vatican News

Ілюстрацыйнае фота. © Il MESSAGGERO

Дзякуючы Панне Марыі Бог назаўсёды злучыўся з чалавецтвам, падкрэсліў папа Францішак падчас св. Імшы, якую 1 студзеня цэлебраваў у ватыканскай базыліцы з нагоды ўрачыстасці Святой Багародзіцы Марыі. Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News.

«Бог і чалавек назаўжды разам — вось добрая навіна на пачатку года.

Бог — гэта не валадар, які ў самотнасці жыве на нябёсах, а ўцелаўлёная Любоў. Ён нарадзіўся, як і мы, з маці, каб стаць братам для кожнага, каб стаць блізкім…», — заўважыў у сваёй гаміліі Пантыфік.

Паводле Святога Айца, дзякуючы Панне Марыі мы лепш разумем, што такое любоў Бога: гэта любоў «бацькоўская і мацярынская, як любоў маці, што ніколі не перастае верыць у сваіх дзяцей і ніколі іх не пакідае. „Бог-з-намі“ любіць нас незалежна ад нашых памылак, ад нашых грахоў, ад таго, што мы робім са светам. Бог верыць у чалавецтва, у якім вылучаецца як першая і непараўнальная Яго Маці».

Папа заклікаў вернікаў на пачатку новага года прасіць аб ласцы здзіўлення, каб зноў адчуць тое, што адчувалі на пачатку жыцця верай. У гэтым дапамагае Багародзіца, «якая нарадзіла Пана і нараджае таксама Пана ў нас», зазначыў Пантыфік.

Касцёлу таксама неабходны дар здзіўлення, захаплення тым фактам, што ён з’яўляецца домам Бога жывога, Нявестай Пана, Маці, якая нараджае дзяцей. Без гэтага здзіўлення Касцёл рызыкуе стаць падобным на «прыгожы музей старажытнасцяў», сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Паводле папы Францішка, мы павінны дазволіць Марыі глядзець на нас.

Маці Божая бычыць у нас не грэшнікаў, а сваіх дзяцей, і гэта запальвае ў нас полымя надзеі, дапамагае ўзрастаць у веры.

Акрамя позірку, сучасны падзелены свет мае патрэбу ў абдымках Марыі. «Паўсюль шмат роспачы і самотнасці: увесь свет злучаны, але здаецца ўсё больш раз’яднаным», — з жалем заўважыў Пантыфік.

«Марыя — гэта сродак ад самотнасці і падзелаў. Яна — Маці суцяшэння, якая суцяшае: стаіць побач з тымі, хто ў самоце. Яна ведае, што для таго, каб суцешыць, недастаткова толькі словаў, а патрэбная прысутнасць. І Яна прысутная як маці. Дазволім ёй абняць наша жыццё», — заклікаў папа Францішак.

Акрамя таго, сказаў ён, трэба дазволіць Панне Марыі весці нас за руку, каб не згубіцца на дарозе, не трапіць у няволю, думаючы, што мы з’яўляемся свабоднымі; каб не паддацца зласлівасці, якая з’яўляецца слабасцю.

«Маці Божая — гэта не штосьці дадатковае. Яе неабходна прыняць у жыццё», — падкрэсліў у сваёй першай гаміліі ў 2019 годзе Папа.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця