17 снежня папа Францішак адзначае сваё 82-годдзе. У гэты дзень ён атрымлівае віншаванні ад кіраўнікоў дзяржаваў, рэлігійных лідараў, прадстаўнікоў свету навукі, мастацтва і тысяч людзей з усяго свету.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя партала Vatican News, па традыцыі свае віншаванні Пантыфіку скіравала старажытная рымская кандытарская Hedera, супрацоўнікі якой перадалі ў Ватыкан спецыяльны торт з індыйскім манга, упрыгожаны выявай Папы ў атачэнні моладзі. Такое аздабленне стала выразам падзякі за клопат аб маладых пакаленнях і напамінам пра звязаныя з моладдзю значныя падзеі ў жыцці Касцёла: Сінод Біскупаў, які прайшоў у кастрычніку, і Сусветныя дні моладзі, якія распачнуцца праз месяц у Панаме.
Святы Айцец заўсёды адзначае свой дзень нараджэння ў сціплай і простай атмасферы. Па яго ўласным прызнанні, у гэты дзень ён асабліва думае пра сваіх бацькоў, бабулю, братоў і сястру.
Як і ў папярэднія гады, у Ватыкане не было запланавана ніякіх спецыяльных мерапрыемстваў. Раніцай Папа цэлебраваў Эўхарыстыю ў капліцы Дома св. Марты, а потым прыняў на аўдыенцыі некалькі грамадскіх дзеячаў, праваабаронцаў і біскупаў.
Сёлетні дзень нараджэння для Францішка стаў ужо шостым за час яго знаходжання на Пасадзе св. Пятра.
У свой мінулы дзень нараджэння Папа сустрэўся з дзецьмі з ватыканскага дыспансера св. Марты, а годам раней з нагоды свайго 80-гадовага юбілею запрасіў на святочнае снеданне ў сваю рэзідэнцыю некалькіх бяздомных, а потым паразмаўляў па Skype з вязнямі турмы ў Падуі.
Святкуючы 79-годдзе, ён сустрэўся з прадстаўнікамі дзіцячага крыла руху «Каталіцкае дзеянне». З нагоды дня нараджэння Папы ў 2014 г. сотні людзей танцавалі танга на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 17 снежня 2013 г. Пантыфік цэлебраваў Эўхарыстыю разам з групай бедных, з якімі потым паснедаў у сваёй рэзідэнцыі.
Журналісты прэс-службы Святога Пасаду Vatican News падрыхтавалі віншавальны ролік для Папы на яго 82-і дзень нараджэння, у якім прадстаўнікі розных народаў віншуюць Святога Айца, прычым кожны на сваёй мове.
А вернікі парафіі св. Тэрэзы Авільскай са Шчучына, якія кожны 13 дзень месяца ужо на працягу амаль 25 гадоў моляцца аб прыездзе Папы на Беларусь, павіншавалі папу Францішка з Днём Нараджэння па-беларуску.