11 снежня ў праграме Ave Maria, якую вядзе італьянскі святар Марко Поцца на каталіцкім канале Tv2000, Святы Айцец падкрэсліў, што вера грунтуецца на Аб’яўленні Евангелля, а не на прыватных аб’яўленнях.
У перадачы папа Францішак разважае над гімнам Марыі Magnificat — «Велічае душа мая Пана», і пры гэтым звяртае ўвагу на пэўныя нездаровыя тэндэнцыі псеўдамарыйнай пабожнасці.
«Сустракаюцца перабольшанні з прыватнымі аб’яўленнямі; Касцёл заўсёды вельмі асцярожны. Ён ніколі не абгрунтоўвае веру прыватнымі аб’яўленнямі.
Вера грунтуецца на Евангеллі, на Божым Аб’яўленні, на Традыцыі Аб’яўлення», — сцвердзіў папа Францішак.
«Праблема прыватных аб’яўленняў у тым, што іх відавочцы або тыя, хто пра іх распавядае, кажуць: „Марыя такая…“
Марыя паказвае на Езуса, а калі глядзець толькі на палец Марыі, а не на Езуса, гэта азначае дзейнічаць насуперак пажаданню сэрца Марыі.
Гэта значыць, што з гэтым аб’яўленнем штосьці не так», — адзначыў Пантыфік.
«Марыя ніколі не робіць сябе галоўнай гераіняй. І калі ў санктуарыях або ў аб’яўленнях сустракаецца душпастырства Марыі як галоўнай гераіні без указання на Яе Сына, гэта не вельмі добра пахне. Марыя ніколі не робіць сябе галоўнай гераіняй», — яшчэ раз падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Гаворачы пра гімн Марыі Magnificat — узнёслы хваласпеў Богу, — Папа адзначыў:
«Марыя праслаўляе Бога, а мы, хрысціяне, часта забываемся пра малітву праслаўлення і адарацыі.
Марыя адаравала Бога і праслаўляла Яго. У гэтым сутнасць гімну Magnificat. Гэта — праслаўленне, малітва праслаўлення Бога», — нагадаў Святы Айцец.