Пошук

21.11.2018 12:00   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Хрысціянаў, якія ахвярна супрацьстаялі нацызму і былі забітыя за гэта, узгадвае газета L’Osservatore Romano — перыядычнае выданне Святога Пасаду, што выходзіць на некалькіх мовах. У артыкуле ўзгадваюцца і сёстры назарэтанкі з Навагрудка.

Паводле аўтара, дзевяностагадовага каталіцкага журналіста Анджэло Паолуцы, і праз 75 гадоў стаўленне гэтых асоб выклікае захапленне.

Ён называе сярод тысяч забітых у 1943 г. святароў, законнікаў і свецкіх Зыгмунта Пісарскага, Юрыя Кашыру, Германа Караля Стэмпеня, Ахілеса Пухалу і сястру Марыю Сташэўскую. Многія з іх былі беатыфікаваныя і кананізаваныя Янам Паўлам II.

Ідзе гаворка і пра аўстрыйца Франца Егерштэтэра, абвешчанага благаслаўлёным у 2007 г., якога нацысты пакаралі смерцю за адмову ад вайсковай службы. Акрамя таго, ватыканская газета нагадвае пра Якаба Гапа: святар пратэставаў супраць далучэння Аўстрыі да Германіі, збег у Францыю, там быў арыштаваны гестапа і загінуў у Берліне.

Паолуцы згадвае таксама немца, кс. Бэрнарда Ліхтэнберга, пробашча катэдры ў Берліне, які выступіў супраць пераследу яўрэяў і нацысцкай праграмы па эўтаназіі. Журналіст піша і пра «Любэкскіх мучанікаў», сярод якіх быў і лютэранскі пастар Карл Фрыдрых Штэлбрынк, а таксама пра членаў студэнцкай групы супраціву «Белая ружа», у якую ўваходзіў праваслаўны святар Аляксандр Шморэль.

L’Osservatore Romano згадвае і 11 законніц з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта, расстраляных нацыстамі каля Навагрудка 1 жніўня 1943 г.

Сёстры ахвяравалі сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных і прысуджаных да расстрэлу. Усе гэтыя людзі пасля перажылі вайну. Назарэтанкі былі беатыфікаваны Янам Паўлам ІІ у 2000 г.

Між тым падчас балю Усіх Святых, які 18 лістапада праводзіла мінская парафія св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, была прадстаўлена сцэнка пра благаслаўлёных назарэтанак, мучаніц з Навагрудка. Гэта — гісторыя пра тых, у кім здзейсніліся словы Хрыста: «Няма большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх».

Абноўлена 21.11.2018 12:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.