Пошук

16.11.2018 16:38   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Да 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны, якое адзначалася 11 лістапада, была прымеркавана міжнародная навуковая канферэнцыі «Святы Пасад і католікі ў пасляваенным свеце (1918–1922)», якая прайшла ў Папскім Латэранскім універсітэце.

На форуме выступіў з дакладам Дзяржсакратар Яго Святасці папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Высокі іерарх распавёў пра выклікі, якія стаялі перад ватыканскай дыпламатыяй у перыяд пасля Першай сусветнай вайны.

У сваім дакладзе бліжэйшы супрацоўнік Папы нагадаў папярэджанне Бэнэдыкта XV, які казаў, што вайна стане «самагубствам Еўропы». Сапраўды, у выніку канфлікту адбыўся крах чатырох імперый: Германскай, Аўстра-Венгерскай, Расійскай і Асманскай.

У большасці еўрапейскіх краін існаваў «маўклівы антыкаталіцкі парыў і імкненне выключыць Бога і Яго Касцёл з публічнай сферы і жыцця людзей». Але Касцёл, не аддаючы «перавагі якой-небудзь асаблівай форме дзяржавы ці грамадзянскіх інстытутаў», бачыў сваім прыярытэтам працу на карысць павагі да чалавечай годнасці і правоў хрысціянскага сумлення.

Паводле кардынала Параліна, тады важна было пачуць крык новага свету, які нараджаўся, «моцны заклік да свабоды і фундаментальных правоў мільёнаў мужчын, якія ў мундзірах вярталіся з траншэй; мільёнаў жанчын, вымушаных узяць на сябе абавязкі мужчын, якія адсутнічалі»; усіх людзей, якія пакутавалі: «як арыстакратаў з векавымі прозвішчамі, так і апошніх сярод апошніх».

У гэтым кантэксце папская дыпламатыя выконвала пасрэдніцкую і міратворчую ролю, а таксама вяла «шырачэзную гуманітарную дзейнасць, якая пасля перамір’я працягвалася настолькі шчодра, што спустошыла папскую казну». Папства набывала міжнародную ролю «маральнага аўтарытэта, які нясе прымірэнне» паміж усімі людзьмі, сказаў ён.

Перад абліччам гіпотэзы новай свабоды, а таксама магчымай тыраніі Папа стварыў шырокую сетку дыпламатаў, пакліканых уключыцца ў новыя сцэнарыі. Праца заўсёды вялася на карысць міру; яна была скіравана на тое, каб вялікія дзяржавы паважалі прынцыпы справядлівасці і раўнапраўя ў міжнародных адносінах, а таксама законныя імкненні народаў да справядлівага доступу да матэрыяльных дабротаў. Усе гэтыя тэмы мелі месца ў знакамітай Мірнай ноце, якую 1 жніўня 1917 г. папа Бэнэдыкт XV скіраваў да дзяржаў-удзельніц вайны.

Кардынал Паралін зазначыў, што папская дыпламатыя ўсталявала кантакт таксама з бальшавікамі і пачала перамовы з мэтаю захавання каталіцтва ў Савецкім Саюзе. Гэтыя перамовы не былі паспяховымі, але дазволілі распачаць дабрачынную місію і выратаваць мільёны жыццяў, сказаў іерарх.

«Гаворачы простымі арыфметычнымі тэрмінамі, у верасні 1914 г. Святы Пасад меў зносіны толькі з сямнаццаццю краінамі, а ў студзені 1922 г. колькасць дыпламатычных партнёраў узрасла да дваццаці сямі», сярод якіх былі таксама Францыя і Вялікабрытанія, якія перад вайной прыпынілі адносіны з Папам.

«Зноў стала відавочным, што, нягледзячы на ўсе хмары на гарызонце, Пан Бог не пераставаў дапамагаць свайму Касцёлу», — сказаў кардынал Дзяржсакратар.

Абноўлена 16.11.2018 16:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа