7 лістапада падчас аўдыенцыі для прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі папа Францішак ухваліў кананізацыйныя і беатыфікацыйныя дэкрэты, між іншым, Слугі Божага Міхала Гедройца.
Пантыфік упаўнаважыў Кангрэгацыю абнародаваць дэкрэт аб гераічнасці цнотаў і пацвярджэнні спрадвечнага культу Міхала Гедройца — так званая «раўназначная беатыфікацыя». Гэта азначае ўключэнне новага благаслаўлёнага ў літургічны каляндар і дае дазвол на яго ўшанаванне ў месцах, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю.
Міхал Гедройц нарадзіўся каля 1420 г. у літоўскім мястэчку Гедрайчай, памёр у Кракаве ў 1485 г. Паходзіў з княжацкай сям’і. Па прычыне калецтва адмовіўся ад свецкай кар’еры і ўступіў у кляштар Ордэна Аўгустыніянаў у мястэчку Быстрыцы, сёння на тэрыторыі Гродзенскай вобласці ў Беларусі. Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце. Прэзбітэрскае пасвячэнне не прыняў і да канца жыцця служыў сакрыстыянінам у аўгустыніянскім касцёле св. Марка Евангеліста ў Кракаве. Вёў пабожнае і аскетычнае жыццё, быў вядомы сваёй вялікай сціпласцю, пакорай і ўвагай да хворых і бедных, за што ўжо пры жыцці лічыўся благаслаўлёным, празорцам і цудатворцам.
Папа Францішак таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні цудаў, здзейсненых праз заступніцтва італьянскіх свецкіх верніц Эдвіджэ Карбоні (1880-1952) і Бэнэдэты Б’янкі Поры (1936-1964), а таксама дэкрэты аб прызнанні мучаніцтва Анхеля Куартаса Хрыстабаля і васьмі яго паплечнікаў, навучэнцаў духоўнай семінарыі ў Ав’еда, забітых з нянавісці да веры паміж 1934-1937 гг. у Іспаніі; Марыяно Мулерато Сальдэвіла, свецкага верніка і главы сям’і, забітага з нянавісці да веры ў 1936 г. у Іспаніі; і Джэймса Альфрэда Мілера, з законнай супольнасці Братоў Хрысціянскіх Школ, забітага з нянавісці да веры ў 1982 г. у Гватэмале.
Святы Айцец таксама ўхваліў дэкрэты аб гераічнасці цнотаў філіпінскага біскупа Альфрэда Марыі Аранда Абвіяра (1889-1997), заснавальніка манаскай супольнасці Місіянераў Катэхетаў св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса; італьянскага дыяцэзіяльнага святара, кс. Джавані Чырэзола (1902-1987), заснавальніка Кангрэгацыі Бедных Служак Найкаштоўнейшай Крыві — Вячэрніка Любові; італьянскага дыяцэзіяльнага святара, кс. Луіджы Босіа (1909-1994); італьянскага законніка Луіджы Марыі Раньеры (1895-1918) з кангрэгацыі Рэгулярных Клерыкаў св. Паўла; эквадорскай законніцы Рафаэлы ад Мукі (1836-1918), заснавальніцы Кангрэгацыі Дачок Аўгустыніянак Найвяцейшага Збаўцы; іспанскай законніцы Марыі Антоніі ад Езуса (1700-1760) з Ордэна Кармэлітак Босых; іспанскай законніцы Арханджэлы Бадосы Куатрэкасас (1878-1918) з кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль; італьянскай законніцы Марыі Балеснай ад Святога Боку (1920-1954) з кангрэгацыі Сясцёр Мукі Езуса Хрыста; і італьянскага свецкага верніка Лодавіко Кокапані (1849-1931) з Трэцяга Ордэна св. Францішка.