Пошук

05.11.2018 12:13   Vatican News / Catholic.by

На цесную сувязь паміж запаведдзю любові да Бога і запаведдзю любові да бліжняга ўказаў Святы Айцец перад малітвай «Анёл Панскі», якая 4 лістапада прайшла ў Ватыкане.

«У цэнтры Евангелля сённяшняй нядзелі (Мк 12, 28b-34) знаходзіцца запаведзь любові: любі Пана і любі бліжняга, — заўважыў Папа. — Адзін кніжнік спытаўся ў Езуса: “Якая запаведзь першая з усіх?” (Мк 12, 28). Хрыстус адказаў, цытуючы тое вызнанне веры, якім кожны ізраільцянін пачынаў і заканчваў свой дзень і якоя пачынаецца са слоў: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны”. Такім чынам, Ізраэль захоўваў сваю веру ў фундаментальную рэальнасць усяго свайго вызнання веры, а менавіта, што існуе толькі адзін Бог, і гэты Пан “наш” у тым сэнсе, што спалучаны з намі непарыўным саюзам, які палюбіў нас, любіць нас і будзе любіць нас заўсёды. З гэтай крыніцы, з гэтай любові Бога, вынікае для нас падвойная запаведзь: “любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй.... Любі бліжняга твайго, як самога сябе” (Мк 12, 30-31)».

«Выбіраючы гэтыя два словы, скіраваныя Богам да свайго народу і спалучаючы іх, Езус навучыў раз і назаўсёды, што любоў да Бога і любоў да бліжняга непадзельныя, больш за тое, яны падтрымліваюць адна адну. Хоць размешчаны адна за другой, яны з’яўляюцца двума бакамі той самай манеты: перажываныя разам, з’яўляюцца сапраўднаяй сілай веруючага! Любіць Бога — гэта значыць жыць з Ім і для Яго, з-за таго, кім Ён з’яўляецца, і з-за таго, што Ён робіць. А наш Бог — гэта даванне сябе без абмежаванняў, прабачэнне без межаў, гэта адносіны, якія падтрымліваюць і развіваюцца. Любіць Бога — значыць аддаваць штодня сваю энергію, каб быць Яго супрацоўнікамі ў безупынным служэнні для нашага бліжняга, імкнучыся прабачыць без абмежаванняў і захоўваць добрыя і братэрскія адносіны», — патлумачыў Пантыфік.

«Евангеліст Марк не турбаваўся тым, як назваць таго, хто з’яўляецца бліжнім, таму што бліжні — гэта чалавек, якога я сустракаю на шляху маіх дзён. Не праблема здзейсніць выбар майго бліжняга: гэта не па-хрысціянску, калі думаю, што мой бліжні той, якога я выбраў загадзя. Гэта не па-хрысціянску, а па-язычніцку. Але справа ў тым, каб мець адкрытыя вочы, каб убачыць яго, і сэрца, каб жадаць дабра гэтаму чалавеку. Калі мы будзем імкнуцца бачыць вачыма Езуса, мы заўсёды будзем слухаць і знаходзіцца побач з тымі, хто мае патрэбу. Патрэбы бліжняга, безумоўна, патрабуюць эфектыўных рэакцый, але перад гэтым патрабуюць нашага падзелу. Прымяняючы нейкі вобраз, можам сказаць, што галодны мае патрэбу не толькі ў місцы супу, але і ва ўсмешцы, у тым, каб быць выслуханым, і нават у малітве, магчыма, сумеснай», — адзначыў Святы Айцец.

«Сённяшняе Евангелле заклікае нас усіх не толькі быць уважлівымі да асноўных патрэбаў самых бедных братоў, але, перш за ўсё, звяртаць увагу на іх патрэбы ў братэрскай блізкасці, адчуванні сэнсу жыцця і чуллівасці. Гэта з’яўляецца выклікам для нашых хрысціянскіх супольнасцяў: справа ў тым, каб пазбягаць небяспекі быць супольнасцямі, якія жывуць шматлікімі ініцыятывамі, але нешматлікімі адносінамі. Небяспекі быць, так бы мовіць, супольнасцямі — “станцыямі абслугоўвання”, але не вельмі прыязнымі, у поўным і хрысціянскім сэнсе гэтага слова»,

— дадаў Пантыфік.

«Бог, які з’яўляецца любоўю, стварыў нас з любові і для таго, каб мы маглі любіць іншых, застаючыся аб’яднанымі з Ім. Было б ілюзіяй думаць, што мы любім бліжняга, не маючы любові да Бога. І было б таксама ілюзіяй думаць, што мы любім Бога, не маючы любові да бліжняга. Вучняў Хрыста характарызавалі два вымярэнні любові: да Бога і да бліжняга, у іх адзінстве. Няхай Панна Марыя дапамагае нам прымаць і сведчыць пра гэтае цудоўнае навучанне кожны дзень», — сказаў Папа.

Таксама Святы Айцец заклікаў да рэалізацыі прыкладу дабрыні і міласэрнасці новай італьянскай благаслаўлёнай. «Учора ў базыліцы св. Яна на Латэране была абвешчана благаслаўлёнай Маці Клелія Мерлоні, заснавальніца Таварыства Апосталак Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэта жанчына была цалкам адданай Божай волі, руплівай у міласэрнасці, цярплівай ў нястачы і гераічная ў прабачэнні. Мы дзякуем Богу за светлае евангельскае сведчанне новай благаслаўлёнай і будзем браць прыклад з яе дабрыні і міласэрнасці», — адзначыў Папа.

Благаслаўлёная Клелія Мерлоні жыла на мяжы XIX i XX стст. Яна была жанчынай, якая поўнасцю аддалася служэнню Богу і братам, асабліва найменшым, бедным, простым і безабаронным.

Пасля малітвы «Анёл Панскі» папа Францішак прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра вернікаў і папрасіў не забывацца маліцца за яго.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця