9 кастрычніка ў сеціве з’явілася відэа, у якім зноў гучыць заклік папы Францішка маліцца кожны дзень месяца кастрычніка Ружанец за Касцёл, каб супрацьстаяць нападам злога духа.
Гэты свой заклік папа Францішак паўтарае ў аднахвілінным відэапасланні, распаўсюджаным Сусветнай сеткай папскай малітвы.
Напачатку Святы Айцец кажа, што «д’ябал паказвае сябе надзеленым вялікай уладай, прыносіць табе падарункі, але ты не ведаеш, што там усярэдзіне».
«Я зноў заклікаю ўсіх маліцца Ружанец кожны дзень кастрычніка, завяршаючы яго антыфонай „Тваёй абароне“ і малітвай да святога Арханёла Міхала, каб адбіць напады д’ябла, які жадае падзяліць Касцёл», — звяртаецца далей папа Францішак.
Словы Святога Айца, якія гучаць у відэазвароце, былі ім прамоўлены ў нядзелю 7 кастрычніка пасля марыйнай малітвы «Анёл Панскі» ва ўспамін Маці Божай Ружанцовай.
Раней Папа заклікаў усіх вернікаў на ўсіх кантынентах прасіць аб абароне Касцёла ў гэтыя цяжкія часы з дапамогай сапраўднай «малітоўнай кампаніі». Гэтая папская інтэнцыя малітвы на кастрычнік была абнародавана прэс-службай Святога Пасаду ў свята св. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала і яе закліканы падтрымаць вернікі ва ўсім свеце.