Святы Айцец заклікаў вернікаў ва ўсім свеце ў кастрычніку штодзённа маліцца на ружанцы, каб Багародзіца захоўвала Касцёл пад сваім плашчом і бараніла яго ад нападкаў д’ябла. Папа таксама просіць завяршаць Ружанец малітвай праз заступніцтва св. Арханёла Міхала.
Ідэя Пантыфіка ў тым, каб аб’яднацца як Божы народ у камуніі і пакаянні, просячы Багародзіцу і св. Арханёла Міхала бараніць Касцёл ад злога духа, які заўсёды спрабуе аддзяліць чалавека ад Бога і пасеяць падзелы паміж людзьмі.
У паведамленні прэс-службы Апостальскай Сталіцы даецца спасылка на гамілію Папы падчас ранішняй св. Імшы 11 верасня: «Вялікі Абвінаваўца — як ён сам кажа Богу ў першым раздзеле кнігі Ёва — ходзіць па свеце, шукаючы, як абвінаваціць». Толькі малітвай можна перамагчы яго. Рускія містыкі і вялікія святыя ўсіх традыцый раілі ў моманты духоўных хваляванняў звяртацца да Маці Божай малітвай «Тваёй абароне аддаемся».
Святы Айцец просіць вернікаў маліцца, каб Багародзіца захоўвала Касцёл пад сваім плашчом, бараніла ад нападкаў д’ябла і ў той жа час дапамагала яму больш усвядоміць сваю віну, памылкі і злоўжыванні мінулага і сучаснасці і ўключыцца ў барацьбу з імі, каб зло не перамагло.
Святы Айцец папрасіў таксама, каб ружанцовае набажэнства ў кастрычніку завяршала малітва папы Льва XIII:
Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа, будзь нам абаронаю. Князю Войска Нябеснага, моцаю Божаю скінь у пекла сатану і іншых злых духаў, якія на згубу душаў снуюць па свеце. Амэн.
(паводле «Ойча наш». Малітоўнік, Мінск 2014)
Кастрычнік — месяц, прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле ружанцовай малітве. Яна спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца: радасныя і балесныя таямніцы, таямніцы святла, а таксама хвалебныя таямніцы.
Закліку папы Францішка адпавядае ініцыятыва перэгрынацыі фігуры св. Арханёла Міхала, якая 29 верасня распачалася ў Мінску.