У сталіцы Літвы Папа памоліцца ля помніка ахвярам віленскага гета ў скверы на вуліцы Руднінку. Ён зробіць тут кароткі прыпынак перад наведваннем сталічнага Музея акупацыі і барацьбы за свабоду.
Малітва ля помніка ахвярам гета, якая адбудзецца ўвечары 23 верасня, напачатку не была прадугледжана афіцыйнай праграмай падарожжа Папы ў краіны Балтыі.
У астатнім праграма візіту застаецца без зменаў.
Плануецца, што папа Францішак прыбудзе ў Вільню 22 верасня ў першай палове дня. Пасля цырымоніі прывітання Пантыфік скіруецца ў Прэзідэнцкі палац, дзе сустрэнецца з кіраўніком Літоўскай Рэспублікі, а потым звернецца да прадстаўнікоў органаў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу.
У другой палове дня Папа наведае санктуарый Маці Божай Вастрабрамскай, пасля чаго сустрэнецца з літоўскай моладдзю на плошчы перад віленскай катэдрай. Пантыфік таксама памоліцца ў святыні.
На наступны дзень, 23 верасня, Святы Айцец скіруецца ў Каўнас, дзе будзе цэлебраваць св. Імшу і правядзе малітве «Анёл Панскі». У мясцовым катэдральным касцёле папа Францішак сустрэнецца з літоўскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі.
Вярнуўшыся ў Вільню, Папа наведае Музей акупацыі і барацьбы за свабоду і памоліцца за ахвяраў усіх войнаў. Перад гэтым, як паведамляецца, ён ушануе памяць ахвяраў гета.
24 верасня Святы Айцец вылеціць у Латвію. Пасля цырымонія прывітання папа Францішак скіруецца ў Прэзідэнцкі палац для сустрэчы з латышскім лідарам і іншымі прадстаўнікамі палітычнай улады, з членамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусу, пасля чаго запланавана цырымонія ўскладання вянкоў да помніка Свабоды — манумента ў памяць аб загінулых змагарах за незалежнасць Латвіі.
Далейшая праграма прадугледжвае экуменічную сустрэчу Пантыфіка ў рыжскім Домскім катэдральным саборы, а пасля яе — візіт Святога Айца ў касцёл св. Якуба.
Пасля абеду папа Францішак на верталёце скіруецца ў санктуарый Маці Божай Аглонскай. Там ён узначаліць Эўхарыстыю, падчас якой прамовіць казанне да вернікаў. Пасля св. Імшы Папа вернецца ў Рыгу, а адтуль на самалёце — у Вільню.
25 верасня каля 10-й гадзіны Святы Айцец прыбудзе ў Талін. Пасля традыцыйнага прывітання ён правядзе сустрэчу з прэзідэнтам Эстоніі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дыпкорпусу ў Прэзідэнцкім палацы.
Акрамя таго, праграма візіту Папы ў Эстонію прадугледжвае экуменічную сустрэчу з моладдзю ў лютэранскай кірхе св. Карла, а таксама сустрэчу з супрацоўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у катэдральным касцёле свв. Пятра і Паўла.
Потым Пантыфік узначаліць цэлебрацыю св. Імшы на плошчы Свабоды Таліна, пасля якой развітаецца з эстонскімі вернікамі і скіруецца ў аэрапорт, адкуль увечары вылеціць у Рым.
Візіт у балтыйскія краіны стане для папы Францішка «юбілейным» 25-м падарожжам за межы Італіі.