26 жніўня прыпала 40-я гадавіна абрання на папскі пасад італьянскага кардынала Альбіно Лучані, які ўпершыню ў гісторыі Касцёла ўзяў падвойнае імя — Ян Павел.
Яго пантыфікат працягваўся ўсяго 33 дні. Усяму свету Ян Павел І запомніўся як «Папа ўсмешкі».
Альбіно Лучані нарадзіўся 17 кастрычніка 1912 г. у невялікім італьянскім мястэчку Форна-дзі-Канале (сёння — Канале-д’Агорда ў правінцыі Бэлуна ў вобласці Венета) у сям’і будаўніка Джаванні Лучані, які лічыў сябе сацыялістам. Яго маці Бортала была вельмі набожнай жанчынай і ў свой час нават хацела ўступіць у кляштар.
У 11-гадовым узросце Альбіно Лучані быў прыняты ў пачатковую духоўную семінарыю ў Фельтрэ, пасля якой працягваў навучанне ў семінарыі ў Бэлуна. 7 ліпеня 1935 г. ён стаў святаром, пасля чаго вучыўся ў Грыгарыянскім універсітэце Рыма, дзе атрымаў ступень доктара тэалогіі. У 1959 г. час папа Ян ХХIII прызначыў Альбіно Лучані біскупам Віторыа-Венета, а 15 снежня 1969 г. папа Павел VI прызначыў яго арцыбіскупам і патрыярхам Венецыі.
Патрыярх Венецыі — гэта выключна ганаровы тытул. У адрозненне ад патрыярхаў Праваслаўнай Царквы і каталіцкіх патрыярхаў усходняга абраду, нешматлікія патрыярхаў рыма-каталіцкага абраду не маюць ніякіх дадатковых адміністрацыйных паўнамоцтваў у параўнанні з іншымі арцыбіскупамі.
Пасля смерці Паўла VI у жніўні 1978 года кардынал Лучані ўдзельнічаў у канклаве: выбары новага Папы.
Нечакана для ўсіх менавіта ён і быў абраны новым Пантыфікам, стаўшы першым Папам Рымскім, які нарадзіўся ў ХХ стагоддзі.
Таксама ўпершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла менавіта Альбіно Лучані ўзяў сабе падвойнае імя: у гонар папы Яна ХХІІІ, які менаваў яго біскупам, і Паўла VІ, які надаў яму кардынальскую годнасць. Спалучэнне імёнаў гэтых двух Пантыфікаў, першы з якіх распачаў, а другі завяршыў Другі Ватыканскі Сабор, мела таксама азначаць працяг новым Папам узятага на гэтым Саборы курсу аднаўлення Касцёла.
Новы Папа адмовіўся ад пампезнай цырымоніі каранацыі, замяніўшы яе ўрачыстай св. Імшой, якая прайшла 3 верасня 1978 г. на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Ён заўсёды імкнуўся да прастаты і аскезы, лічачы сябе «вязнем у святой клетцы», як ён вобразна называў Апостальскі палац. Ян Павел І не прытрымліваўся ватыканскага этыкету, што выклікала збянтэжанасць у кансерватыўных ватыканскіх курыялістаў. Падобным чынам у наш час паводзіць сябе папа Францішак.
Ян Павел І меў намер правесці шэраг рэформ унутры Касцёла, перадусім у Рымскай курыі. Пра атэізм ён казаў, што адна з прычын гэтай з’явы заключаецца ў супярэчнасці паміж словамі і ўчынкамі католікаў.
28 верасня 1978 г. увесь свет абляцела вестка пра раптоўную смерць папы Яна Паўла І. Афіцыйнай прычынай смерці Пантыфіка лічыцца інфаркт міякарда, хоць з самага пачатку гэтая версія выклікала небеспадстаўныя сумненні.
Праз некалькі тыдняў новым Папам быў абраны кракаўскі кардынал Караль Вайтыла, які ўзяў тое ж імя, што і Альбіно Лучані, стаўшы Янам Паўлам ІІ.