Пошук

12.07.2022 11:44   Vatican News
Папа Ян Папвел І. Фота: chiesabellunofeltre.it

Прэс-служба Святога Пасаду абнародавала праграму ўрачыстасцяў з нагоды беатыфікацыі Папы Яна Паўла І, якая адбудзецца ў нядзелю 4 верасня года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведаміла 12 ліпеня Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, беатыфікацыйная літургія, якую ўзначаліць Папа Францішак, распачнецца ў 10.30 па рымскім часе. Днём раней, у суботу 3 верасня, у базыліцы святога Яна на Латэране адбудзецца малітоўнае чуванне пад кіраўніцтвам кардынала Анджэло Дэ Данаціса, Папскага вікарыя для Рымскай дыяцэзіі.

Святая Імша падзякі за беатыфікацыю пройдзе ў нядзелю 11 верасня. Яна адбудзецца на галоўнай гарадской плошчы ў Канале-д’Агарда, месцы нараджэння новага благаслаўлёнага. У Эўхарыстыі возьмуць удзел біскупы і духавенства дыяцэзій, у якіх Альбіно Лучані, будучы Папа Ян Павел І, выконваў сваё святарскае і біскупскае служэнне: Патрыярхату Венецыі, дыяцэзіі Віторыя-Вэнэта і яго роднай дыяцэзіі Бэлуна-Фэльтрэ.

За некалькі дзён да беатыфікацыі ў офісе Прэс-службы Святога Пасаду адбудзецца прэс-канферэнцыя, арганізаваная пастуляцыйнымі камітэтам, у якой возьме ўдзел Кандэла Ярда — аргентынская дзяўчына, якая пасля малітвы да Пантыфіка вылечылася невытлумачальным для навукі чынам ад сур’ёзнай формы энцэфалапатыі. Гэта адбылося ў 2011 годзе, калі яна мела 11 гадоў. У прэс-канферэнцыі будуць удзельнічаць таксама бацькі маладой аргентынкі і пробашч буэнас-айрэскай парафіі, што знаходзіцца побач са шпіталем, дзе яна лячылася. Менавіта ён параіў Кандэле маліцца праз заступніцтва Альбіно Лучані.

Беатыфікацыйны працэс Яна Паўла І распачаўся праз 25 гадоў пасля яго смерці, у 2003 годзе, у дыяцэзіі Бэлуна-Фэльтрэ. У 2006 годзе ўся неабходная дакументацыя была перададзена ў Кангрэгацыю па справах кананізацыі.

8 лістапада 2017 года Папа Францішак ухваліў дэкрэт аб гераічнасці цнот Альбіно Лучані, а 13 кастрычніка 2021 года — аб прызнанні цуду, які адбыўся дзякуючы яго заступніцтву.

Пантыфікат Яна Паўла І быў адным з самых кароткіх у гісторыі і працягваўся ўсяго 33 дні: з 26 жніўня па 28 верасня 1978 года. Альбіно Лучані стане пятым Рымскім Пантыфікам ХХ стагоддзя, абвешчаным благаслаўлёным, чацвёра з іх — Пій Х, Ян ХХІІІ, Павел VI і Ян Павел ІІ — ужо абвешчаны святымі.

Абноўлена 12.07.2022 11:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця