Пошук

14.10.2021 10:59   Паводле: Vatican News
Папа Ян Павел І. Фота: amicodelpopolo.it

13 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынала Марчэло Сэмерара і даў дазвол абнародаваць дэкрэты адносна беатыфікацыі некаторых Слугаў Божых.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя параталу Vatican News, Святы Айцец ухваліў два дэкрэты аб пацвярджэнні цудаў.

Першы з іх датычыцца Слугі Божага Яна Паўла І (Альбіно Лучані) — Папы, чый пантыфікат быў адным з самых кароткіх у гісторыі і працягваўся ўсяго 33 дні.

Альбіно Лучані нарадзіўся ў 1912 годзе ў Канале Д’Агорда ў Італіі і памёр у 1978 годзе ў Ватыкане. Перад абраннем наступнікам святога Пятра ён быў біскупам Віторыя Вэнэта, а потым Патрыярхам Венецыі.

Другі дэкрэт аб прызнанні цуду, датычыцца калумбійскай законніцы сястры Марыі Бэрэніс Дзюке Хэнкер (свецкае імя Анна Хулія), заснавальніцы кангрэгацыі Малых Сясцёр Звеставання, якая нарадзілася ў 1898 годзе і памерла ў 1993 годзе.

Таксама асобным дэкрэтам была пацверджана мучаніцкая смерць двух місіянераў, забітых з нянавісці да веры ў 1683 годзе ў Аргентыне: дыяцэзіяльнага святара ксяндза Пэдро Артыса дэ Саратэ і айца езуіта Джаванні Антоніо Салінаса.

Чатыры дэкрэты, ухваленыя Папам Францішкам, датычацца прызнання гераічнасці цнотаў. Гаворка ідзе пра іспанскага дыяцэзіяльнага святара ксяндза Дыего Эрнандэса Гансалеса (1915–1976); італьянскага францішканіна айца Джузэпэ Спалецыні (1870–1951); французскую законніцу сястру Магдалену ад Езуса (свецкае імя Элізабэт Мары Мадлен Ютэн (1898–1989); а таксама італьянскую законніцу сястру Элізабэту Марцінэс (1905–1991), заснальніцу кангрэгацыі Дачок Найвяцейшай Марыі з Леўкі.

Абноўлена 14.10.2021 11:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.