Працягваючы цыкл катэхезаў, прысвечаных Дэкалогу, папа Францішак падчас агульнай катэхезы 22 жніўня засяродзіўся на Другой запаведзі як закліку да адносінаў з Богам без крывадушнасці і фармалізму.
Гаворачы пра запаведзь «Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна» (пар. Зых 20, 7), Пантыфік заўважыў, што выраз «не ўжывай» у перакладзе з габрэйскай і грэцкай мовы азначае «не бяры на сябе». Слова «дарэмна» азначае «марна», «попусту». Маюцца на ўвазе адносіны з Богам без крывадушнасці, фармалізму і падману.
Святы Айцец зазначыў, што ў Бібліі імя — гэта ўнутраная праўда рэчаў і людзей. Вельмі часта імя азначае місію. Папа нагадаў, што Абрам і Сымон Пётр атрымалі новыя імёны на знак змены кірунку іх жыцця. У той жа час, сапраўднае пазнанне імені Бога вядзе да перамены ўласнага жыцця, як гэта адбылося з Майсеем.
Святы Айцец распавёў, што, згодна з юдэйскімі звычаямі, імя Бога ўрачыста абвяшчалася ў Дзень Вялікага Прабачэння, а народ атрымліваў прабачэнне, бо менавіта праз імя ўваходзіў у кантакт з самім жыццём Бога, які з’яўляецца міласэрнасцю. Такім чынам, «узяць на сябе імя Бога» значыць прыняць на сябе Яго рэчаіснасць, увайсці ў шчыльныя адносіны з Ім.
«Для нас, хрысціянаў, гэтая запаведзь з’яўляецца заклікам да таго, каб памятаць, што мы былі ахрышчаныя. Як? — „У імя Айца і Сына, і Духа Святога“, як сцвярджаем кожны раз, калі робім на сабе знак крыжа, каб жыць нашымі штодзённымі справамі ў адчувальнай і рэальнай еднасці з Богам, гэта значыць у Ягонай любові», — сказаў Папа.
«Можна спытацца: а ці магчыма ўзяць на сябе імя Бога крывадушна, як нешта фармальнае, попусту? На жаль, адказ станоўчы: так, гэта магчыма. Жыць фальшывымі адносінамі з Богам магчыма. Езус казаў пра гэта настаўнікам Закону. Яны рабілі многія рэчы, але не рабілі таго, чаго жадаў Бог. Казалі пра Бога, але не спаўнялі Божай волі. Парада, якую дае Езус, наступная: „Рабіце тое, што яны кажуць, але не тое, што яны робяць“. Жыць фальшывымі адносінамі з Богам, як гэтыя людзі, магчыма», — сцвердзіў Папа.
Паводле яго, другая запаведзь з’яўляецца менавіта заклікам да адносінаў з Богам без крывадушнасці; да адносінаў, у якіх мы давяраем Пану ва ўсім. Пакуль не рызыкнём усім разам з Богам, асабіста спазнаўшы, што ў Ім ёсць жыццё, застанемся толькі на ўзроўні тэорыі, лічыць Пантыфік.
«Гэта хрысціянства, якое кранае сэрцы: сустрэча з Богам у праўдзе. Чаму святыя маюць здольнасць кранаць сэрцы? Бо яны не толькі кажуць, але і расчульваюць! Калі святы чалавек да нас прамаўляе, нашае сэрца ўзрушваецца. У святых мы бачым тое, чаго глыбока прагне нашае сэрца: сапраўднасць, праўдзівыя адносіны, радыкалізм», — сказаў Францішак.
Святы Айцец зазначыў, што тое ж відаць і ў «святых, што жывуць па суседстве», маючы на ўвазе, між іншым, шматлікіх бацькоў, якія даюць сваім дзецям прыклад паслядоўнага, простага, сумленнага і шчодрага жыцця.
«Калі будзе расці колькасць хрысціянаў, якія бяруць на сябе імя Бога без фальшы, практыкуючы такім чынам першую просьбу малітвы „Ойча наш“ — „свяціся імя Тваё“ — прапаведаванне Касцёла будзе лепш пачутае і больш пераканаўчае. Калі нашае канкрэтнае жыццё будзе дэманстраваць імя Бога, то мы ўбачым, наколькі цудоўным з’яўляецца хрост і вялікі дар Эўхарыстыі! Якой цудоўнай з’яўляецца еднасць паміж нашым целам і Целам Хрыста», — падкрэсліў Папа.
Ён заўважыў, што пасля Хрыстовага крыжа ўжо ніхто не можа пагарджаць сабой і кепска думаць пра ўласнае жыццё, «таму што імя кожнага з нас — на плячах Хрыста».
«Варта ўзяць на сябе імя Бога, таму што Ён аж да канца ўзяў на сябе цяжар нашага імені, а таксама зла, якое ёсць у нас, каб змясціць у нашае сэрца сваю любоў. Таму Бог кажа ў гэтай запаведзі: „Вазьмі на сябе мяне, бо Я ўзяў на сябе цябе“», — падкрэсліў Святы Айцец.
«Кожны, незалежна ад сітуацыі, у ён якой знаходзіцца, можа ўсклікаць да святога імені Пана, які з’яўляецца вернай і міласэрнай Любоўю. Бог ніколі не скажа „не“ сэрцу, якое са шчырасцю да Яго ўсклікае», — запэўніў папа Францішак на заканчэнне сваёй катэхезы.